Ці абваліцца праз тры месяцы даляр?



Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра „Альпары” ў Менску Вадзім Іосуб кажа, што „чуткі пра смерць даляра моцна перабольшаныя”.

Апошнім часам у СМІ з’явіліся інфармацыйныя ўкіды, якія прагназуюць абвал амерыканскай валюты ў бліжэйшы час. Так, напрыклад, супрацоўнік Амерыканскага інстытута эканамічных даследванняў Уокер Тод заявіў у эфіры радыё KHNC з Каларада, што ЗША застаецца не больш за „60-90 дзён жыцця, бо даляр знаходзіцца на мяжы калапса”.

Маўляў, у гэтым месяцы закончыўся тэрмін “замарозкі”, на працягу якога амерыканскі ўрад мог займаць столькі грошай, колькі яму патрабавалася. Цяпер, калі абмежаванне на памер дзяржаўнага доўгу ізноў уступіла ў сілу, Беламу дому не будзе дзе ўзяць грошы.

Вадзім Іосуб: Калі не памыляюся, за апошнія 15 гадоў у сярэднім раз на тыдзень розныя “аналітыкі” прагназуюць “абвал даляра”. Гэта ўжо настолькі старая тэма, што новым інфармацыйным ўкідам проста не даводзіцца здзіўляцца. Можна па-рознаму адносіцца да ЗША, але факты гавораць аб тым, што: а) амерыканская эканоміка на сёняшні дзень – самая буйная; б) пасля сусветнага фінансавага крызісу гэтая эканоміка выходзіць з яго і аднаўляецца. Таму ўсім, хто чакае абвалу даляру, можна сказаць коратка: “Не дачакаецеся”.

РР: Няма падстаў для падзення амерыканскай валюты?

Вадзім Іосуб: Нейкае зніжэнне можа быць, але не абвал. Сёння ў свеце валюты ідуць насустрач адна адной. Ніхто не кажа, што амерыканскі даляр будзе абавязкова расці. Калі ўзяць асноўную валютную пару “еўра-даляр”, то былі працяглыя перыяды істотнага падзення даляра да еўра, але гэта нармальная валацільнасць для валют. Таму нават перыяд істотнага падзення даляра да еўра нельга назваць абвалам. Ваганні былі і будуць, але нельга казаць, што заўтра ці праз тры месяцы амерыканская валюта пераўтворыцца ў “пустую зялёную паперку”. Гэта наўрад ці адбудзецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск