Ці аб’яднаюцца МАЗ і КАМАЗ?
Беларуска-расейскія інтэгратары чарговы раз загаварылі пра зліццё МАЗа і КАМАЗа. Ці зрушыцца з месца інтэграцыйны працэс па аб’яднанні двух буйных прадпрыемстваў і ці патрэбна гэта Беларусі? Пра гэта разважае былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.
Як паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках паседжання саюзнага Саўміна кіраўнік расейскага ўраду Дзмітрый Мядзведзеў, Беларусь і Расея знаходзяцца ў кроку ад прыняцця канчатковых рашэнняў па некалькіх інтэграцыйных працэсах.
„Мы даўно ўжо абмяркоўваем пытанне стварэння сумеснага прадпрыемства паміж МАЗам і КАМАЗам, трэба вызначыцца”, – сказаў Мядзведзеў і дадаў, маўляў, што мяч знаходзіцца на беларускім баку.
Міхаіл Чыгір: У гэтым пытанні ўсё будзе залежыць ад умоваў інтэграцыі. Зразумела, што пасля аб’яднання для беларускага прадпрыемства пашырыцца вялізны расейскі рынак, але ў якасці каго беларусы будуць у гэтым праекце? Вось у чым пытанне. Інтэграцыйныя працэсы – гэта сусветная тэндэнцыя, але трэба рабіць так, каб “з носам” не засталіся. Чаму да гэтага часу не адбылося зліцця прадпрыестваў? Відаць, Расея дыктуе такія ўмовы, якія для нас не падыходзяць.
РР: А якія падыйшлі б?
Міхаіл Чыгір: Поўнае раўнапраўе ў сумесным прадпрыемстве. Толькі так, і саступкі тут не да месца. А сама інтэграцыя, паўтаруся, пайшла б на карысць нашым буйным заводам. Таму альянс зусім магчымы.
РР: Якія сёння вымушаны працаваць не ў поўную сілу…
РР: Так, і асноўную прычыну трэба шукаць у беларускай эканоміцы. У нас жа неверагодныя банкаўскія працэнты для прадпрыемстваў і вялізны падаткавы прэс! У нашых кіраўнікоў заводаў вочы на лоб лезуць, калі яны бачаць такія працэнты. Гэта настолькі тармозіць развіццё эканомікі, што не перадаць словамі. Аб якой канкурэнтаздольнасці і прыбытку можна казаць? Маем тое, што маем. Вось нядаўна нейкі эксперт сказаў, што ў Беларусі падаткавы прэс у 2 разы большы, чым у Казахстане і ў паўтары разы большы, чым у Расеі. Як жа выжываць у такіх умовах? Дык у Расеі яшчэ і энергарэсурсы таннейшыя. Таму нам усё цяжэй складаць канкурэнцыю і на сусветным рынку, і на рынку СНД. Вось жа парадокс атрымоўваецца! Эканамічная прастора – адзіная, а падаткі і кошты на энерганосьбіты розныя. Да таго ж, Расея сама зараз па вушы ў праблемах, а таму знізілася яе пакупніцкая здольнасць. Беларусь з-за гэтага таксама церпіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя