Ці адменяць канфіскацыю тавараў у прадпрымальнікаў?
“Менавіта малы і сярэдні бізнес можа даць працу беларусам у няпросты час”, – кажа намеснік старшыні РГА „Перспектыва” Вячаслаў Піліпук.
Як заявіў у эфіры праграмы “Форум” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня, у Беларусі могуць адмяніць канфіскацыю тавараў, як меру пакарання прадпрымальнікаў. Па яго словах, апошніх трэба караць “толькі рублём”.
Вячаслаў Піліпук: Звычайна, калі дэпутаты агучваюць нейкія ініцыятывы, то затым яны і спраўджваюцца. Таму не выключаю, што і канфіскацыю адменяць, бо нейкія меры па спрашчэнні вядзення бізнеса ў апошні час прымаюцца. Напрыклад, МНС спыніла праверкі, ёсць іншыя прыклады…
РР: Верыце, што малы і сярэдні бізнес пачнуць развіваць?
Вячаслаў Піліпук: А для ўлады гэта адзіны выхад з сітуацыі. Праўда, тая ж адмена канфіскацыі тавараў – гэта ўсяго маленькі крок. Ураду трэба ўвогуле вырашыць пытанне стварэння прымальных умоў для развіцця прадпрымальніцтва. Найперш гэта – зніжэнне падатковай нагрузкі. Каб яна знізілася хаця б да ўзроўню 30 адсоткаў ад прыбытку. А зараз яна ў краіне – амаль 55 адсоткаў да чыстага прыбытку. Ні для каго не сакрэт – калі мяжа пераходзіць 31 адсотак, то прадпрымальніцтва сыходзіць у цень.
РР: Якія прапановы яшчэ з вашага боку? Вячаслаў Піліпук: Трэба максімальна спыніць усе праверкі і канфіскацыі ў адносінах да прадпрымальнікаў. З прадпрымальніцкай супольнасцю уладам неабходна садзіцца за стол перамоваў, каб абмеркаваць усе умовы далейшага існавання малога і сярэдняга бізнеса. Менавіта гэтыя прадпрымальнікі дадуць працу беларусам у той няпросты час, калі многія засталіся і без працы, і без грошай. Можна прыцягнуць гэтых людзей у эканоміку. Сумесна з нізкімі падаткамі гэта даць велізарны эфект, і грошы пацякуць у бюджэт ракой.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя