Ці адменяць кантрактную сістэму?



Актывісты Беларускага прафсаюза радыёлектроннай прамысловасці звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць Дэкрэт №29 і кантрактную сістэму.

“Гэты крок будзе справядлівым у адносінах да выбаршчыкаў, дазволіць матываваць высокавытворчую працу і значна аздаравіць мікраклімат на прадпрыемствах і ў калектывах”, – напісалі аўтары звароту.

Прафсаюзны актывіст Генадзь Фядыніч дадае, што сённяшняя сітуацыя з кантрактнай сістэмай “на руку” толькі ўладзе.

фядынічГенадзь Фядыніч: У лісце мы адзначылі, што кантрактная сістэма ў краіне дзейнічае не так, як патрэбна. Дэкрэт №29 з’явіўся на свет у далёкім 1999 годзе, калі востра паўстала пытанне, як стрымліваць высокакваліфікаваных спецыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. І тады прымяненне гэтага дакумента дало магчымасць пераводзіць работнікаў на кантракты з істотным павелічэннем заробку. І ў той жа час кадры ўдалося захаваць на многіх прадпрыемствах. А што адбываецца зараз? На кантракты перавялі ўсіх! Пры гэтым з многімі працоўныя пагадненні заключаюцца на зусім кароткі тэрмін – на год. Атрымліваецца, што чалавек кожны год павінен жыць у страху, што яго могуць зволіць ці не працягнуць кантракт.

РР: У лісце вы папрасілі Лукашэнку адмяніць вышэйназваны дэкрэт?

Генадзь Фядыніч: Так, бо працоўныя адносіны павінны рэгулявацца інакш, гэтая форма сябе вычарпала. Нават у суседніх Расеі і Украіне такога няма. Таму мы прапанавалі адмяніць Дэкрэт і перавесці ўсіх кантрактнікаў на бестэрміновыя працоўныя адносіны. Кантракты могуць заставацца толькі для кіраўнікоў і іх намеснікаў ды галоўных бухгалтараў. Акрамя таго, намі прапанавана, каб усе надбаўкі і выплаты, якія прадугледжаны кантрактам, былі пераведзены ў тарыфы і аклады.

РР: Хто сёння найбольш зацікаўлены ў кантрактнай сістэме?

Генадзь Фядыніч: На жаль, сама ўлада, якая і трымаецца за гэтае палажэнне рукамі і нагамі. Кантрактная сістэма – цудоўная магчымасць зрабіць работніка пакорлівым. А непакорлівых кантракт дае магчымасць звольніць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара