Ці адвучаць беларусаў “думаць у валюце”?



“Беларускі рубель – гэта сурагат грошай”, – лічыць эканаміст Леанід Заіка.

Нацыянальны банк праводзіць мерапрыемствы «па максімальным скарачэнні выпадкаў выкарыстання замежнай валюты пры правядзенні разлікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

З 1 сакавіка Нацбанк спыняе выдачу індывідуальных дазволаў суб’ектам валютных аперацый на выкарыстанне ў разліках з фізічнымі асобамі замежнай валюты ў асобных выпадках. Да чаго прывядзе дэдалярызацыя?

Леанід Заіка: У 1994 годзе я асабіста распрацоўваў дакументы, якія выкарыстоўваліся для правядзення манетарнай палітыкі. І першы прынцып быў – дэдалярызацыя. Тады, у 94-м, мы практычна прыйшлі да курса, які трымаўся абслютна жорстка каля паўгода. Таму самі меры па вывядзенню замежных грашовых адзнак з уласнай манетарнай прасторы – гэта нармальная з’ява. Тут няма нічога новага і арыгінальнага. Стандартны прыём, які неабходна прымяняць.

РР: Першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі днямі заявіў у тэлеэфіры, што неабходна перастаць “думаць у валюце”. Дык калі ўжо беларусы паразумнеюць і перастануць “думаць у валюце”?

Леанід Заіка: Мацюшэўскі – не спецыяліст у вобласці эканамічнай тэорыі. Відаць, ён не зусім добра ўяўляе, што функцыю меры кошту беларускі рубель не здзяйсняе. Таму што меру кошту здзяйсняе альбо золата, альбо міжнародныя плацёжныя сродкі – такія, як даляр. І ў любым выпадку гаспадарчыя суб’екты, сам Мацюшэўскі, яго жонка і, спадзяюся, намеснікі віцэ-прэм’ера, ацэньваюць кошт кватэр ці машын менавіта ў далярах. Таму што гэта непазбежна. Беларускі рубель – гэта сурагат грошай. І насельніцтва даўно разабралася, што гэты рубель не з’яўляецца паўнавартасным сродкам зберажэнняў. Зараз 80 працэнтаў грашовых укладаў у банках ляжаць у далярах, а 20 – у беларускіх рублях. Такім чынам давер да беларускага рубля – роўна 20 працэнтаў ад таго, што магло б быць. Хоць насельніцтва паводзіць сябе абсалютна правільна і лагічна. Таму жадаючым адвучыць людзей “думаць у валюце” я б параіў пачаць са сваіх калег, сяброў і ўласнай жонкі. А затым яны раскажуць нам, як гэта ў іх атрымалася. Бо ёсць законы эканомікі – закон коштаў і закон грошай. І адвучаць ад валюты нікога не патрэбна. Людзі самі здольныя на рацыянальныя дзеянні. Яшчэ ў 90-я гады мяне здзівіў аналіз дынамікі хатніх гаспадарак і ўрада. Аказалася, што хатнія гаспадаркі больш рацыянальныя, чым урад і прадпрыемствы. Вось гэта мы маем і сёння. І гэта трэба паважаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота joyreactor.cc