Ці асвоіць Беларусь кітайскія крэдыты?



Няма бліжэйшага саюзніка для Кітая ў Еўропе чым Беларусь, — заявіў на сустрэчы з кітайскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі сустракаўся з журналістамі цэнтральных і рэгіянальных СМІ Кітая. Паводле яго абедзве краіны дасягнулі значных вынікаў і ў палітыцы, і ў эканоміцы, а 2017 года мае стаць пераломным у развіцці двухбаковых адносін.

Спроба казаць пра блізкасць дзвюх краін бессэнсоўная, бо Кітай у адрозненні ад Расеі не мае палітычнай зацікаўленасці ў адносінах з Беларуссю і кіруецца выключна эканамічнай выгадай, адзначае эканаміст Леў Марголін:

— Кітай, у адрозненні ад Расеі, не мае ніякай палітычнай зацікаўленасці ў Беларусі і таму кіруецца толькі прынцыпам выгады: калі яна ёсць, ён працуе, калі яе няма, ён не працуе. Мы ўжо маем даволі вялікую гісторыю такіх эканамічных стасункаў з Кітаем: у нас была і рэканструкцыя цэментных прадпрыемстваў і шмат чаго іншага, але ніякіх вялікіх прарываў не атрымалася. Бо ў іх ёсць адна ўмова: яны могуць даць грошы, але толькі ў тым выпадку, калі гэтыя грошы будуць выкарыстаныя на закупку кітайскага абсталявання, на тое, каб прыцягваліся кітайскія рабочыя, інжынеры. Ужо, здаецца мне, каля 8 гадоў існуе адкрытая крэдытная лінія, калі я не памыляюся на 15 мільярдаў даляраў, але мы не можам яе выкарыстаць, бо ў нас няма такіх праектаў, якія мы маглі б адпрацоўваць менавіта з Кітаем. Таму, спробы ідуць, шкада, што хоць і ёсць такая магчымасць, грошы вісяць і здаецца дацягнуўся і ўзяў, а нічога не выходзіць. Вось таму і ідуць увесь час перамовы і робяцца спробы зацікавіць, калі не кітайскае кіраўніцтва, дык хаця б кітайскіх журналістаў, кітайскі бізнес. Апошні яркі прыклад — гэта вядомы кітайскі парк. Не ўсе ведаюць, што кітайцы не бралі на сябе ніякіх абавязкаў па гэтым парку, яна абавязаліся толькі пабудаваць яго за свае грошы, якія потым беларускаму боку прыйдзецца аддаваць. А хто там будзе працаваць і ці будзе працаваць наогул ці не будзе — гэта ўжо іх абсалютна не хвалюе.

РР: Пра гэты навукова-тэхнічны парк «Вялікі камень» Аляксандр Лукашэнка таксама гаварыў, сказаўшы, што чакае ад гэтага парку да 50 мільярдаў даляраў прыбытку. Гэта ўвогуле рэальная лічба? І на каго разлічана такая заява?

—  Любая лічба рэальная, калі яна прывязваецца да нейкіх канкрэтных тэрмінаў, калі ёсць нехта, хто адказвае за гэтую лічбу. Як я разумею, ніякіх канкрэтных дат не было названа, і хто адказвае за гэта таксама невядома, таму можна чакаць, што пройдзе яшчэ некалькі гадоў і ўсё мы будзем гаварыць, што мы нечага чакаем ад гэтага парку,а  атрымаць нешта ад яго не выйдзе.

РР: Беларусь — адна з краінаў, якая ўвайшла ў так званы сучасны «шаўковы шлях», ня які вялікія спадзяванні ўскладае якраз Кітай. Ці бачыце Вы перспектыву ў тым, што праз Беларусь пойдуць грузы? Ці нейкім чынам вось такое размяшчэнне «шаўковага шляху» дапаможа эканоміцы Беларусі?

— Па-першае, ніхто не абяцаў, што гэты шлях пройдзе менавіта па тэрыторыі Беларусі. Тут асноўная тонкасць у тым, што гэты шлях будзе ісці па еўрапейскай частцы былога Савецкага Саюза, а гэта і Украіна, і Беларусь, і Прыбалтыка,і пры гэтым Кітай не дае грошай для таго, каб тая ці іншая краіна развівала гэтыя магчымасці на сваёй тэрыторыі, ён кажа: вы рабіце гэта на сваёй тэрыторыі за свой кошт, а потым у вас будзе магчымасць гэтыя грошы вярнуць. А вось гэта якраз і вельмі сумнеўна: вернуцца гэтыя грошы потым, ці не, бо магчымасцяў многа. Калі казаць пра Казахстан ці Расейскую Федэрацыю, дык тут варыянтаў няма і тыя шляхі абавязкова пройдуць праз гэтыя краіны. А куды яны пойдуць далей пакуль што невядома, таму я б не перабольшваў тых спадзяванняў, якія можна ўскладаць на «шаўковы шлях», гэтак жа як і на тэхналагічны парк «Вялікі камень». Пакуль што гэта ўсё — наша жаданне. Разлічваць на тое, што кітайскія бізнесоўцы будуць за нас развіваць высокатэхналагічныя сферы, што нехта за нас будзе рабіць рэформы ў краіне, на гэта разлічваць не прыходзіцца. А пакуль гэтага ўсяго не будзе: пакуль не будзе рэформаў, пакуль мы самі не пачнём развіваць гэтых кластараў, ніякіх станоўчых вынікаў не будзе.

Кіраўнік Беларусі мае намер наведаць Кітай у сярэдзіне траўня, там ён прыме ўдзел у саміце кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях», стварэння новай мадэлі міжрэгіянальнай эканамічнай супрацы, якая б звязвала Захад і Усход Еўразіі.

Гутарыў Зміцер Косцін, цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя