Ці атрымае Беларусь крэдыт “пад рэформы без рэформаў”?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб кажа, што па-ранейшаму застаецца невядомым, ці атрымае Беларусь крэдыт МВФ, і, калі атрымае, то ў якія тэрміны.

Перамовы МВФ і Беларусі працягнуцца ў красавіку 2016 года, паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі на пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

«Дыялог з нашымі калегамі з МВФ, мяркую, працягнецца ў рамках вясновых красавіцкіх сустрэч групы Сусветнага банка і МВФ у Вашынгтоне», – сказаў спадар Забароўскі.

Вадзім Іосуб: Пытанні з нагоды атрымання крэдыту МВФ па-ранейшаму застаюцца без адказаў. І нават будаваць нейкія версіі з гэтай нагоды дастаткова складана. Размовы аб крэдыце Міжнароднага валютнага фонда цягнуцца ўжо даволі працяглы час. Пазіцыя МВФ і пералік рэформаў, якія яны хацелі б убачыць, даўно вядомы і зразумелы.

РР: З нагоды таго, будуць гэтыя рэформы альбо не, з беларускага боку з розных узроўняў улады гучаць самыя супярэчлівыя, а часам і проста супрацьлеглыя адзін аднаму каментары…

Вадзім Іосуб: Так. Напрыклад, на ўзроўні Нацбанка, урада кажацца пра неабходнасць рэформавання эканомікі, ідзе нейкае абмеркаванне дэталяў магчымых рэформаў. І пры гэтым кіраўнік краіны дастаткова рэгулярна (за апошнія паўгода – каля 6-7 разоў) публічна заяўляў, што ніякіх рэформаў не будзе. А ў той жа час у заявах МВФ з нагоды крэдыта пастаянна рэфрэнам гучыць, што рэформы ў Беларусі павінны быць падтрыманы на самым высокім узроўні. Відавочна, што на дадзены момант такой падтрымкі яшчэ няма, калі зыходзіць з апошніх заяў Лукашэнкі. У такой сітуацыі разважаць пра тое, калі будзе крэдыт і ці будзе ён наогул, вельмі складана. Цяжка атрымаць крэдыт, які даецца пад рэформы краіне, якая заяўляе, што ніякія рэформы ёй не патрэбны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя