Ці ажыве беларуская эканоміка ад сяброўства з Захадам?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра магчымыя крэдыты МВФ і замежныя івестыцыі ў беларускую эканоміку.

Беларускія ўлады стараюцца стварыць ліберальны фасад выбарчай кампаніі, каб палепшыць стасункі з Еўразвязам. Эканамісты мяркуюць, што такія паводзіны дыктуе айчынная эканоміка, якая знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Што можа даць эканоміцы сяброўства з Захадам? Ці ажыве яна пасля гэтага?

Барыс Жаліба: У бліжэйшы год ад Міжнароднага валютнага фонду мы ўсё роўна нічога не атрымаем. Добра, безумоўна, што выпусцілі на волю палітвязняў, што ў краіне праходзяць пікеты, якія жорстка не разганяюцца, як гэта практыкавалася раней. Гэта працуе на карысць змягчэння палітыкі Еўропы ў адносінах да беларускіх уладаў. Але на бліжэйшы час грошы МВФ Беларусі не перападуць. Зрэшты, на гэта, відаць, ніхто і не разлічваў. Кіраўніцтва краіны, хутчэй за ўсё, глядзіць у далейшую будучыню, працуе на перспектыву. А там грошы таксама спатрэбяцца.

РР: Расейскіх крэдытаў недастаткова?

Барыс Жаліба: Расея сама апускаецца ў глыбокі крызіс, і тое, што яна можа даць, акажацца недастаткова. Гэтых валютных крэдытаў можа не хапіць. Хоць, мяркую, пытанне таго, што Беларусі дасць крэдыт Еўразійскі банк, да канца года будзе вырашана. Іншая справа – колькі дадуць. Калі будзе 3 мільярды даляраў, то на наступны год хопіць. Калі менш, то з’явяцца праблемы. Вось беларускае кіраўніцтва і паказвае Захаду, як у краіне з’яўляюцца элементы дэмакратызацыі, хоць, на мой погляд, прырода ўлады не зменіцца. Тым больш, як толькі яны атрымаюць больш-менш прыстойныя грошы ад Расеі. Асабліва – пасля выбараў.

РР: Ці могуць пайсці ў краіну нейкія заходнія інвестыцыі?

Барыс Жаліба: Магчыма, калі агульны клімат у краіне будзе рухацца ў тым жа накірунку, што і зараз. Калі беларускія ўлады ізноў не павярнуць сваю палітыку ў бок старых аўтакратычных рэек. У такім выпадку інвестары могуць і пагадзіцца ўкладваць грошы ў беларускую эканоміку. Для інвестараў галоўнае – стабільнасць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя