Ці будуць і далей зніжацца стаўкі па рублёвых дэпазітах?



Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што зніжэнне ставак па рублёвых дэпазітах працягнецца.

Нацбанк працягвае палітыку зніжэння ставак па рублёвых дэпазітах. Чарговы ўзровень – 35% гадавых. Да такога ўзроўню прыбытковасці апусцілі свае прапановы па ўкладах усе беларускія банкі, піша nn.by.

Станіслаў Багданкевіч: Мяркую, што стаўкі па рублёвых дэпазітах будуць зніжацца і надалей. І асабіста я лічу, што ў глабальным плане такая тэндэнцыя правільная. Лепш рабіць паступовую дэвальвацыю нацыянальнай валюты, чым захоўваць на высокім узроўні працэнтныя стаўкі. Эканоміцы патрэбны танныя грашовыя рэсурсы, каб яе ажывіць і падняць на ногі. У нас чацвёрты год запар вялізны застой у эканоміцы. І адна з прычын – гэта адсутнасць абаротнага капіталу рэальнага сектара і дарагі крэдытны капітал. Таму стаўкі трэба зніжаць.

РР: Зніжэнне ставак – палітыка Нацбанка ці часовая з’ява?

Станіслаў Багданкевіч: Нацбанк абраў такую палітыку, але яна з’яўляецца следствам зніжэння ўзроўню інфляцыі, калі такое будзе – з аднаго боку. І стабільнасці на валютным рынку – з другога. Усе тры паказчыкі залежаць адзін ад аднаго.

РР: У такім выпадку, ці застануцца ў насельніцтва папулярнымі рублёвыя дэпазіты?

Станіслаў Багданкевіч: Сёння яны ўсё яшчэ прывабныя. Калі, па ацэнцы Міжнароднага валютнага фонда, інфляцыя ў Беларусі складзе 22 адсоткі, значыцца дэпазіты па-ранейшаму ёсць сэнс захоўваць у рублях.

РР: Да якога ўзроўню могуць знізіць працэнтныя рублёвыя стаўкі?

Станіслаў Багданкевіч: Пабачым, як улады справяцца з інфляцыяй. Калі за год яна будзе каля 15-18 адсоткаў, то працэнтныя стаўкі можна зрабіць на ўзроўні 20 адсоткаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.mail.ru