Ці будуць падымаць заробкі дырэктыўнымі метадамі?
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму прэм’ер-міністр пагражае “адказным асобам” звальненнем.
На пасяджэнні Савета міністраў па выніках работы эканомікі ў студзені-верасні 2019 года прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прыгразіў адказным асобам звальненнем, калі яны не забяспечаць рост заробкаў на праблемных прадпрыемствах.
Задача на бліжэйшы час: разабрацца з прадпрыемствамі, на якіх сярэдняя зарплата была ніжэй за 400 рублёў па выніках першага паўгоддзя. Да канца года ў Беларусі не павінна застацца прадпрыемстваў з заробкамі ніжэй 500 рублёў.
Барыс Жаліба: Загадамі і пагрозамі пра звальненне заробкі не падвышаюцца. Тыя прадпрыемствы, якія не жывуць, а выжываюць, маюць абмежаваныя фінансавыя магчымасці. Яны ж не спецыяльна выдаюць заробкі па 400 рублёў, а таму што больш не могуць сабе дазволіць.
Таму абсалютна няправільна падганяць заробкі пад неабходную лічбу, нават калі гэты загад ідзе ад прэм’ер-міністра. Спачатку трэба падвысіць агульны ўзровень эканомікі, а заробак павінен расці столькі, колькі можа генерыраваць эканоміка.
РР: Прэм’ер-міністр гэтага не разумее?
Барыс Жаліба: Усё ён цудоўна разумее. Спачатку беларускі кіраўнік прыгразіў адстаўкай ураду, а ўрад, відаць, таксама знайшоў, каму прыгразіць.
Усе ведаюць, што эканоміка павінна развівацца натуральным шляхам, а заробкі падвышацца не дырэктывамі.
РР: Што ў такой сітуацыі рабіць дырэктарам прадпрыемствам, якія не могуць выплочваць высокія заробкі?
Барыс Жаліба: Перад імі паўстае дылема: альбо пакінуць усё так, як ёсць, і, магчыма, згубіць пасаду, альбо падвысіць заробкі, але пры гэтым застацца без сродкаў, каб нават разлічыцца з пастаўшчыкамі.
Можна ўзяць таксама чарговы крэдыт, але банк можа адмовіць, калі прадпрыемства не разлічылася за папярэдні.
А можа быць і варыянт таго, што заробкі асабліва не падымуць, але справаздачу здадуць неабходную. Як кажуць, бумага ўсё сцерпіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя