Ці будуць прыватныя кампаніі звальняць работнікаў?



Уладам трэба не ўльтыматумы ставіць, а аказваць людзям рэальную дапамогу, – кажа старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Беларускі кіраўнік перасцерагае бізнес ад звальнення працоўных у гэты крызісны час.

«Асабліва прыватныя прадпрыемствы пачалі згортваць працу, і, галоўнае, звальняць людзей, – заявіў Лукашэнка. – Перадайце прыватнікам, каб усе пачулі: калі толькі хоць адна кампанія, дробная або вялікая, выкіне на вуліцу людзей (у дзяржаўных гэта немагчыма, таму што мы гэта кантралюем), яна наўрад ці далей будзе існаваць у Беларусі».

Аляксандр Ярашук: Гэта добра, што вярхоўная ўлада клапоціцца пра занятасць людзей падчас крызісу, у якім краіна апынулася. У тым ліку, прымаюцца, як бачым, і жорсткія захады ў дачыненні да тых, каго могуць спрабаваць звольніць.

Але, напэўна ж, у такіх абставінах акцэнт павінен рабіцца не на тое, каб забараніць звальненні, а на тое, каб дапамагаць людзям, якія апынуліся без працы. Абсалютна відавочна, што гэта – адна з галоўных пагроз, якая сёння ўзнікла. Эканамічны крызіс будзе ўплываць і на занятасць людзей, на функцыянаванне прадпрыемстваў.

Калі проста пагражаць пакараннем прыватным кампаніям за звальненні работнікаў, то такая палітыка ні да чаго не прывядзе. Калі ў кампаніі не будзе сродкаў для тых жа заробкаў, то што з таго, калі чалавек будзе на працы?

РР: Шматлікія краіны зараз наадварот дапамагаюць бізнесу.

Аляксандр Ярашук: Так, для шматлікіх краін і насамрэч адна з галоўных задач – захаваць бізнес. Калі ён выжыве, то захаваюцца і працоўныя месцы, не будзе скарачэнняў, людзі атрымаюць заробкі.

Таму калі беларуская ўлада кажа «А», то трэба казаць і «Б». Калі ў вас жорсткае стаўленне да таго, каб людзі не апынуліся на вуліцы, то тады дапамагайце бізнесу, каб ён у складаны час не прыпыніў сваю дзейнасць. Вось так сёння павінна ставіцца задача. Трэба не ўльтыматумы ставіць, а аказваць рэальную дапамогу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя