Ці будуць рэгіёны даганяць па заробках сталіцу?



Эканаміст Барыс Жаліба тлумачыць, чаму сярэдні заробак у большай частцы раёнаў Беларусі значна ніжэйшы, чым у Менску.

Сярэдні заробак у большай частцы рэгіёнаў Беларусі на 60 адсоткаў ніжэйшы ў параўнанні са сталіцай. Да такой высновы прыйшоў эксперт Аляксандр Чубрык на падставе аналізу звестак Белстата.

Барыс Жаліба: Не думаю, што ў бліжэйшы час дыстанцыя па заробках паміж Менскам і раёнамі будзе змяншацца. Гэта – эфект сталіцы. Тут больш варыянтаў працаўладкавання, і ўсе высокааплочваемыя прафесіі знаходзяцца менавіта ў Менску. Перш за ўсё гэта Парк высокіх тэхналогій, дзе заробкі даходзяць да некалькі тысяч даляраў у месяц, іншыя арганізацыі, у якіх заробкі такія, што людзям у рэгіёнах нават і не сніліся. Улады спрабуюць у гэтым плане падцягнуць тыя рэгіёны, дзе заробкі зусім малыя, але агульную карціну гэта не змяняе. Таму розніца ў заробках будзе захоўвацца і ў бліжэйшай будучыні.

РР: Ці цікавяць інвестараў беларускія рэгіёны?

Барыс Жаліба: Скажам, салігорскі рэгіён, дзе здабываюць калійную соль, вельмі цікавы для інвестараў, але ж гэта выключэнне, а не правіла. Выхад у такой сітуацыі, як мне падаецца, у тым, каб на месцах большую ініцыятыву аддавалі прыватнаму бізнесу, для якога ў нас больш умоваў ствараюць на паперы, а не на справе. Прыватнікі да гэтага часу выказваюць шмат прэтэнзій з-за вялікай падатковай нагрузкі і гэтак далей. Пакуль мы не развяжам рукі прыватнаму бізнесу, перыферыю ў Беларусі мы не падымем. І заробкі там па-ранейшаму застануцца мізэрнымі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя