Ці будуць стварацца ў Беларусі новыя працоўныя месцы?



«Заяўляць пра новыя працоўныя месцы і ствараць іх – не адно і тое ж», — кажа прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў.

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў днямі, што кіраўніком краіны пашырана адказнасць за стварэнне новых працоўных месцаў — цяпер гэтым будуць займацца і міністэрствы.

Кабякоў дадаў, што патрабаванні па стварэнні такіх месцаў сталі больш жорсткімі: з 32 тысяч да 50 тыс.

Аляксандр Бухвостаў: Сёння сітуацыя такая, што працоўныя месцы наадварот скарачаюцца. Асабліва яскрава гэта адчуваецца ў рэгіёнах. Там цэнтры занятасці насельніцтва не могуць забяспечыць працай людзей, якія хочуць уладкавацца. Напрыклад, у Асіповічах адзін наш знаёмы таварыш згубіў працу і вырашыў знайсці новую. Ён выпісаў у цэнтры занятасці ўсе вакансіі, але аказалася, што паўсюль адмаўляюць браць на працу. Таму адна справа – жаданне, а іншая – рэальная сітуацыя. Працоўныя месцы проста так не ўзнікаюць. І яшчэ пытанне: якія месцы прапаноўваюцца? Ці то з нармальным заробкам, ці праца за капейкі? Гэта ж абсалютна розныя рэчы. Для новых працоўных месцаў неабходны інвестыцыі ў эканоміку. Перш чым казаць пра гэта, трэба аналізаваць інвестыцыйныя праграмы. Акрамя таго, працоўныя месцы павінны забяспечвацца працай. Трэба думаць не толькі пра тое, як вырабіць прадукцыю, але і куды яе затым прадаць. Кіраўніцтва, на маю думку, не глыбока аналізуе сітуацыю, а проста дае дырэктыўныя каманды. А чыноўнікі, як звычайна, прымаюць да ведама.

РР: Адным словам, міністэрствам будзе праблематычна выканаць задачу па стварэнні новых працоўных месцаў?

Аляксандр Бухвостаў: Вельмі праблематычна, бо заяўляць пра новыя працоўныя месцы і ствараць іх – не адно і тое ж. Не так даўно Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прыняў зварот, і там ёсць пытанне пра распрацоўку антыкрызіснай праграмы, якая б на самай справе расклала ўсе крокі па выхадзе з крызісу па палічках. Сёння робіцца тое, заўтра — вось гэта…

РР: Прэм’ер міністр лічыць, што працоўныя месцы можна ствараць за кошт мадэрнізацыі, рэканструкцыі і стварэння новых вытворчасцеяў.

Аляксандр Бухвостаў: На мой погляд, гэта агульныя словы. Натуральна, што неабходныя рэканструкцыя і мадэрнізацыя, але ж яны павінны пераходзіць у канкрэтныя праграмы і набываць такія ж формы. Лепш адказалі б на пытанне: куды прададуць прадукцыю «Гомсельмаша»? Як будуць захоўвацца працоўныя месцы на МАЗе? Што рабіць з тымі працоўнымі, якія губляюць працу у радыёэлектроннай прамысловасці? Вось надзённыя праблемы дня. А стварэнне новых працоўных месцаў — гэта пытанне перспектывы. Той, хто займаецца вытворчасцю, разумее, што тут не ўсё так проста.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя