Ці будуць зніжацца стаўкі па дэпазітах?



Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае пра нізкія адсоткі на валютных дэпазітах і пра тое, чаму расейцы змяшчаюць грошы ў беларускія банкі.

Даччыныя аддзяленні расейскіх банкаў у Беларусі адзначылі прыкметны рост актыўнасці інвестараў з Расеі, якія размяшчаюць там ўклады ў далярах і еўра. Пра гэта піша маскоўская газета «Камерсант». Стаўкі па валютных укладах у параўнанні з расейскімі ў Беларусі вельмі высокія.

Станіслаў Багданкевіч: У Беларусі даходнасць па некаторых валютных дэпазітах складае 4-5 адсоткі, у Расеі – 2-3 адсоткі. Натуральна, рыба шукае, дзе глыбей, а таму грамадзяне Расеі і кінуліся ў беларускія банкі. Для нас тут нічога дрэннага, да слова, няма — валюта ідзе ў краіну. Мы ж нават каштоўныя паперы выпускаем, каб заахвоціць замежны капітал.

РР: Але адсоткавыя стаўкі па валютных дэпазітах цяпер знізіліся…

4 адсоткі па валютных дэпазітах – нізкі паказчык для беларусаў. Хоць для заходняга свету — гэта высокі адсотак. Але ж у беларускіх умовах трэба ўлічваць, што валютныя крэдыты банкі даюць пад 10-12 адсоткаў.

РР: Ці будуць далей зніжацца стаўкі па дэпазітах?

— Гэта не павінна адбыцца ў бліжэйшы час, бо высокая інфляцыя і падае курс нацыянальнай валюты. Таму па тэорыі стаўкі наадварот павінны быць высокімі. Праўда, улады вырашылі адміністратыўным шляхам зніжаць стаўкі, што вельмі дрэнна. Галоўным паказчыкам з’яўляецца інфляцыя, якая склала каля 4 адсоткаў за студзень. Калі такімі тэмпамі будзе працягвацца, то ўяўляеце якая лічба будзе за год? А стаўкі знізілі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя