Ці будзе Беларусь атрымліваць танную расейскую нафту?
Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што беларускім уладам даўно патрэбна было шукаць альтарнатыўныя варыянты пастаўкі ў краіну нафты.
Нагадаем, што днямі прайшлі чарговыя перамовы паміж Расеяй і Беларуссю, аднак яны былі безвыніковыя. Бакі так і не дамовіліся па тарыфах на нафту, пасля чаго беларускія ўлады заявілі, што будуць шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі “чорнага золата”. Як вырашыцца ў выніку нафтавае пытанне?
Барыс Жаліба: Мяркую, што нейкі кампраміс паміж Расеяй і Беларуссю ўсё-такі будзе дасягнуты, таму што ў адваротным выпадку беларускім уладам “свеціць” сумная перспектыва праз месяц-два спыніць працу нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
Мяркую, паміж бакамі будуць падпісаны дамовы па пастаўкам нафты і кошце на яе, але на ўмовах, якія больш будуць задавальняць Маскву.
РР: Адным словам, ранейшай таннай нафты не будзе?
Барыс Жаліба: Халявы для рэжыма больш не будзе. Крэмль вырашыў так: калі вы не хочаце гуляць па нашых правілах, то карміце сябе самі. Ранейшых коштаў на нафту, адсутнасць прэміі – гэта ўсё ў мінулым. Думаю, Расея на гэта не пойдзе, таму трэба прызвычаіцца да новых рэалій. Трэба нашы заводы прывучаць да сусветных коштаў на паліва.
РР: Ці магчымы альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў краіну?
Барыс Жаліба: Магчымы, але пра гэта трэба было клапаціцца яшчэ дваццаць гадоў таму, а не тады, калі смажаны певень у адно месца дзеўбануў.
Так, нафта з іншых краін будзе даражэйшая, але, паўтаруся, трэба прывучаць нашы нафтаперапрацоўчыя заводы працаваць па сусветных коштах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя