Ці будзе Беларусь купляць больш танны газ?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму расейскі газ для беларусаў не такі і танны.

Цана 3,95 тысячы грыўняў (каля 357 рублёў) за тысячу кубаметраў з’яўляецца самай нізкай аптовай цаной для насельніцтва Украіны з красавіка 2016 года, паведамляе УНІАН.

Гэтая цана на 15% меншая, чым у студзені 2020 года, і на 37% — чым у лютым 2019 года.

Раней міністр энергетыкі і аховы навакольнага асяроддзя Украіны Аляксей Оржаль паведаміў, што цана газу для Украіны летам можа зменшыцца да $80 за 1 тысячу кубаметраў.

Для параўнання, у пачатку 2020 года Беларусь плаціць «Газпрому» 127 даляраў за тысячу кубаметраў па кантракце.

Барыс Жаліба: Газ таннее на сусветным рынку. Па апошніх звестках, не так даўно газ каштаваў 100 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. Гэта якраз і быў аргумент падчас перамоваў беларускага боку з Расеяй по коштах на газ. Але, як бачым, вялікага эфекта гэта не дало, нам пакінулі стары кошт.

А Украіна выбудоўвае рыначныя адносіны, таму яны і апелююць сусветнымі коштамі на газ. А Беларусь, атрымліваецца, плаціць асаблівую цану на газ за асаблівыя стасункі з Расеяй. У Масквы шмат прэтэнзій да ўладаў Беларусі, каб прадаваць газ па такіх коштах.

РР: Можа ў такім выпадку і Беларусі варта перайсці на рыначныя адносіны, каб купляць больш танны газ?

Барыс Жаліба: Незалежныя эканамісты даўно гэта прапаноўваюць, каб купляць газ па сусветных коштах. А то атрымліваецца, што нафта таннее, а ў нас паліва пастаянна даражэе. Гэта антырыначная практыка.

РР: Што стрымлівае беларускія ўлады, каб купляць газ па сусветных коштах?

Барыс Жаліба: Гэтая сістэма ўзаемаадносін з Расеяй выбудоўвалася гадамі, беларускія прадпрыемствы прызвычаіліся жыць на халяву. А зараз яны не могуць ды асабліва і не хочуць перабудоўвацца. І сітуацыя павярнулася іншым бокам. Была халява, стала – пастка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belrynok.by