Ці будзе Беларусь пастаўляць нафту праз Польшчу?



Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, ці магчымы сёння альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў Беларусь.

Беларускі кіраўнік заявіў, што, калі Масква ўсталюе занадта высокую цану на закупку газа і нафты, Менск будзе шукаць альтэрнатыўныя спосабы паставак, у тым ліку выкарыстоўваць рэверс саудаўскай або амерыканскай нафты праз Гданьск.

Барыс Жаліба: Заўтра такі праект ажыццявіць абсалютна нерэальна. Па-першае, такія справы хутка не вырашаюцца. Па-другое, лагістыка будзе больш складаная, а таму і больш дарагая.

Ужо была сітуацыя з закупкай венесульскай нафты, якая ішла ў Беларусь праз Балтыку і Чорнае мора. Дык вось тады, калі падлічылі ўсе выдаткі, то аж праслязіліся, настолькі дорага ўсё апынулася.

РР: Але праблему з альтэрнатымі крыніцамі энергарэсурсаў ці патрэбна вырашаць?

Барыс Жаліба: Безумоўна, Беларусі неабходна вырашаць праблему дыверсіфікацыі нафты і газа. Неабходна сыходзіць ад татальнай залежнасці ад Расеі, якая застаецца адзіным пастаўшчыком газа і нафты.

Трэба шукаць варыянты і адвучаць нашы прадпрыемствы ад танных расейскіх энергарэсурсаў. Яны працуюць у цяплічных умовах і, як наркаманы, сядзяць на гэтай таннай энергетычнай іголцы.

Заканчаваецца рэканструкцыя нашых прадпрыемстваў і трэба, каб яны прызвычаіліся купляць нафту і газ па сусветных коштах. Праз Чорнае мора да нас можа прыйсці азербайджанская нафта альбо блізкаўсходняя. Палякі зрабілі тэрмінал, які прымае танкеры з амерыканскім звадкаваным газам, і Польшча хутка наогул адмовіцца ад расейскага газа. Дык чаму гэта не можа зрабіць Беларусь?

РР: Было таксама заяўлена, што калі перамовы з Расеяй у энергетычнай сферы дасягнуць крызіса, то Менск можа «забраць» дзве трубы расейскага нафтаправода «Дружба»….

Барыс Жаліба: Гэта больш пагрозы, каб умацаваць свае пазіцыі ў перамоўным працэсе. У гісторыі ужо былі выпадкі, калі беларускія ўлады, што называецца, “перакрывалі трубу”, але затым ўдавалася знайсці кампраміс. Тое самае адбываецца і зараз. Такога кшталту заявы – гэта прадмет гандлю па пытанні кошту на расейскія энергарэсурсы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя