Ці будзе дзяржава надалей гарантаваць захаванасць банкаўскіх укладаў?



У будучыні дзяржава можа пайсці на перагляд сістэмы страхавання банкаўскіх дэпазітаў. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы змены на рынку укладаў.

Тысячу дзён таму, 11 лістапада 2015 года, у Беларусі быў прыняты рэзанансны дэкрэт прэзідэнта № 7, які змяніў умовы размяшчэння банкаўскіх укладаў. Усе дэпазіты былі падзеленыя на адзыўныя (якія прадугледжваюць вяртанне ўкладу да заканчэння тэрміну яго размяшчэння) і безадзыўныя (уладальнікі якіх не маюць права на датэрміновае выняцце ўкладу). Акрамя гэтага, дэкрэт увёў падаткаабкладанне даходу па рублёвых (у выпадку размяшчэння сродкаў да года) і валютных (у выпадку размяшчэння сродкаў да двух гадоў) укладах.

Згодна са звесткамі банкаў, за 1.000 дзён дзеяння дэкрэта сітуацыя на рынку укладаў істотна змянілася — павялічыўся тэрмін размяшчэння банкаўскіх дэпазітаў. „Дэпазіты за апошнія тры гады сталі больш доўгімі, і для банкаў, якія крэдытуюць эканоміку на працяглы тэрмін, гэта адназначна добра”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

Аналітыкі фінансавага рынку таксама звяртаюць увагу, што ў партфелі банкаў расце колькасць безадзыўных укладаў, якія насельніцтва не можа датэрмінова забраць з банкаўскай сістэмы. Паводле даных Нацбанка, за першае паўгоддзе доля безадзыўных дэпазітаў у агульным аб’ёме ўкладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце павялічылася з 52,4 да 68,8%.

„Да 2015 года ўкладчыкі верылі ў стабільнасць нацвалюты на працягу трох месяцаў, таму і размяшчалі дэпазіты на такі перыяд часу. За кошт зніжэння інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў давер да нацвалюты за апошнія гады вырас, і таму доля безадзыўных укладаў у банкаўскай сістэме зараз расце”, — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Аналітыкі фінансавага рынку мяркуюць, што ў будучыні ўлады могуць ініцыяваць новую рэформу на рынку ўкладаў і перагледзець дзейную сістэму страхавання дэпазітаў.

У Беларусі дзяржава гарантуе насельніцтву вяртанне ўсіх укладаў у поўным аб’ёме ў выпадку немагчымасці камерцыйных банкаў выконваць свае абавязацельствы. Такое рашэнне было прынятае ў лістападзе 2008 года, яно дзейнічае да гэтага часу.

Між тым аналітыкі фінансавага рынку мяркуюць, што ў будучыні гэтае рашэнне можа быць перагледжанае. „Калі ў Беларусі збанкрутаваў невялікі банк, для задавальнення патрабаванняў укладчыкаў у Агенцтве па гарантаванай кампенсацыі ўкладаў сродкаў хапіла. Аднак калі няшчасце здарыцца з больш буйным гульцом фінрынку, то рэальных крыніц для вяртання сродкаў укладчыкам можа не быць. Таму сістэму страхавання ўкладаў рана ці позна давядзецца мяняць. Дзяржава павінна абяцаць укладчыкам толькі тое, што здольная выканаць”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН старшы аналітыкі форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Назіральнікі дапускаюць, што чарговая рэформа на рынку ўкладаў можа быць увязаная з выкананнем Нацбанкам задач па дэдаларызацыі фінансавага рынку. „Нельга выключаць, што дзяржава з часам можа перайсці на страхаванне выключна тых укладаў, якія сфармаваныя ў нацыянальнай валюце. У 2015 годзе дзяржава з мэтай стымулявання рублёвых укладаў увяла падаткаабкладанне даходаў па валютных дэпазітах у выпадку іх размяшчэння на тэрмін да двух гадоў. Цалкам магчыма, што дзяржава ў будучыні пойдзе на новыя захады з мэтай стымулявання працэсу дэдаларызацыі”, — мяркуе фінансавы кансультант форэкс-кампаніі „ТэлетрэйдБел” Жанна Кулакова.

Эксперты мяркуюць, што беларуская сістэма страхавання дэпазітаў у будучыні будзе рэфармаваная, бо яна не адпавядае сусветнай практыцы. У суседніх краінах (Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, Расіі) памер укладаў, якія гарантуе вярнуць дзяржава ў выпадку банкруцтва банка, абмежаваны.

Згодна са звесткамі Нацбанка, у Беларусі памер большасці ўкладаў не перавышае 5—10 тыс. долараў. „Таму калі абмежаваць узровень 100-працэнтнага гарантавання ўкладаў гэтай сумай, то гэтая мера не закране масавых укладчыкаў. Больш за тое, такі падыход правільны з сацыяльнага пункта гледжання, бо для многіх укладчыкаў сродкі, размешчаныя ў банку, гэта не інвестыцыйны капітал, а апошнія грошы, якія насельніцтва захоўвае на асаблівыя выпадкі ў жыцці”, — канстатаваў Аляксандр Чубрык.

Што да буйных укладчыкаў, працягнуў ён, то яны павінны несці адказнасць за свае ўклады і браць на сябе рызыкі за інвестыцыйную дзейнасць. „Таму такім укладчыкам у свеце ніхто не гарантуе поўную захаванасць банкаўскіх укладаў”, — рэзюмаваў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ.

belapan.by