Ці будзе новы азотны комплекс на прадпрыемстве “Гродна Азот”?



Апошнім часам шмат інфармацыі паступае адносна прадпрыемства “Гродна “Азот” – аднаго з хімічных гігантаў Беларусі. Найперш гаворка ідзе пра фінансавыя праблемы прадпрыемства, але варта прыгадаць і тое, што менавіта на “Азоце” работнікі актыўна далучыліся да забастовак у мінулым годзе. 

Ужо не першы год абмяркоўваецца будаўніцтва на прадпрыемстве “Гродна Азот” новага азотнага комплексу, увод у эксплуатацыю якога запланаваны на 2025 год, а кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 1,2-1,3 мільярды даляраў. Новы комплекс дазволіць павялічыць выпуск прадукцыі пры істотным скарачэнні расходаў газу. Улады дзеля гэтага шукалі інвестараў, то расейскіх, то кітайскіх, называецца актыўна сярод патэнцыйных партнёраў у тым ліку “Газпром”. Але пакуль ахвотных інвестараў не знайшлося, вырашылі спрабаваць будаваць уласнымі сіламі, але з замежным генеральным падрадчыкам. Выбар паў на італьянскую кампанію Tecnimont, вядуцца працы па заключэнні кантракту.

У той жа час з фінансамі ў прадпрыемства не вельмі. 26 сакавіка генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка на сходзе акцыянераў паведаміў, што па выніках працы ў 2020 годзе “Гродна Азот” атрымаў страты памерам 85 мільёнаў рублёў. Сярод прычын былі названыя ў тым ліку негатыўны ўплыў пандэміі каронавірусу і замарожванне цэн на азотныя ўгнаенні ўнутры краіны. Але праблема можа паглыбіцца. Злучаныя Штаты абяцаюць аднавіць санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку “Гродна Азота”, якія былі прыпынены ў 2015 годзе. Маўляў, выбары прэзідэнта былі сфальсіфікаваныя, а ў краіне працягваюцца рэпрэсіі і ёсць палітычныя вязні. Калі да 26 красавіка сітуацыя ня зменіцца, санкцыі могуць аднавіць. А тут яшчэ днямі стачкам “Гродна Азота” апублікаваў ліст прадстаўніка нямецкай кампаніі Helm AG пра тое, што кампанія прыпыняе супрацоўніцтва з беларускім заводам. І хоць на “Азоце” заявілі, што ўжо з 2019 года практычна не супрацоўнічаюць з гэтай кампаніяй, тым не менш, калі буйны гулец заяўляе, што не плануе аднаўляць супрацоўніцтва, гэта можа быць сігналам і для іншых.

Варта дадаць і праблемы з кадрамі на прадпрыемстве, бо многія спецыялісты былі звольненыя пасля таго, як у мінулым годзе падтрымалі забастоўку. Кіраўніцтва завода спрабуе даводзіць, што ўсё ў парадку. Новыя кадры, паводле гендырэктара, падбіраюць маладыя і больш адказна. А адзін з яго намеснікаў паведаміў днямі пра павелічэнне прыбытку ў першым квартале, ды пахваліўся, што сярэдні заробак склаў 1 805 рублёў, а хутка будзе і 2 тысячы. Цікава даведацца, што на гэтыя лічбы скажуць самі работнікі? І можа замест таго, каб рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, кіраўніцтву ды ўладам варта падумаць пра тое, як рэальна падтрымаць прадпрыемства, якое можа папаўняць не толькі бюджэт, але і забяспечваць значную колькасць гарадзенскіх сем’яў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя