Ці будзе пасля выбараў лібералізацыя для бізнеса?



Эканаміст Барыс Жаліба прагназуе, як могуць развівацца падзеі для бізнеса пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Эксперты адзначаюць, што ўлады абяцаюць бізнесу пасля выбараў адлігу. Але як яно будзе на самай справе?

Барыс Жаліба: У гэтай сітуацыі ёсць два сустрэчныя фактары. З аднаго боку тая вулічная дэмакратызацыя, якую мы зараз назіраем, пасля выбараў, мяркую, знікне. І, калі можна было разлічваць на лібералізацыю умоў для бізнеса, то лагічна, калі б гэта адбылося да выбараў, а не пасля. Калі паглядзець з іншага боку, то пасля выбараў сітуацыя ў эканоміцы працягне пагаршацца. Зыходзячы з гэтага, лібералізацыя умоў для бізнеса проста неабходна. Зараз вызваляецца шмат працоўнай сілы, скарачэнні персанала будуць працягвацца. Асабліва на буйных прадпрыемствах. І толькі малы і сярэдні бізнес здольны хутка стварыць новыя працоўныя месцы, і працаўладкаваць вольных людзей. Вось гэта, безумоўна, можа падштурхнуць улады на лібералізацыю бізнесу. Але, на мой погляд, істотна нічога не зменіцца.

РР: Чаму ўлады да гэтага часу не могуць знайсці поўнага паразумення з малым ці сярэднім бізнесам?

Барыс Жаліба: Я думаю, што прычыны тут палітычныя. Малы і сярэдні бізнес – больш-менш самастойныя. Калі нашы аўтарытарныя ўлады робяць стаўку на дзяржаўныя прадпрыемствы, то яны ведаюць, што кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў выканае любую каманду – і афіцыйную, і неафіцыйную. А з бізнесам так не атрымаецца. У яго свае інтарэсы, іх складаней прымусіць нешта рабіць пад дудку ўлады. Гэта той клас уласнікаў, які не суадносіцца з беларускай аўтарытарнай сістэмай. А таму малы і сярэдні бізнес у Беларусі – заўсёды ў пасынках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя