Ці будзе павольная дэвальвацыя?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, ці варта чакаць павольнай дэвальвацыі і інфляцыі.

Сёння напачатку таргоў на валютна-фондавай біржы курс даляра працягнуў зніжацца, а вось еўра ізноў падаражэў на 0,0088 рубля да 2,4595 BYN/EUR. Гэта максімум еўрапейскай валюты за 714 дзён!

Барыс Жаліба: “Барацьба” паміж далярам і еўра працягваецца, а тым часам у Беларусі ідзе павольная дэвальвацыя. Напрыканцы мінулага года рубель крыху адыграў пазіцыі, але, як бачым, еўра за студзень моцна рвануў наперад. Магчыма, такая тэндэнцыя захаваецца і на працягу ўсяго года. Акрамя таго, калі попыт на валюту будзе перавышаць прапанову на біржы, гэта таксама будзе прыводзіць да аслаблення рубля. Каб такога не адбывалася, краіне трэба мець больш валюты, якую ў асноўным прыносіць экспарт. У мінулым годзе экспартныя паказчыкі крыху выраслі, але яны яшчэ далёкія ад ідэальных. Таму, як мне падаецца, павольная дэвальвацыя рубля ў гэтым годзе магчыма, калі не зробім нейкі скачок у экспарце. Тым часам, асноўныя валютныя паступленні па-ранейшаму застаюцца ад продажу нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Таму сітуацыя на нашым валютным рынку будзе наўпрост залежыць ад цэн на гэтую прадукцыю.    

РР: Інфляцыя таксама крыху спынілася…

Барыс Жаліба: Так, і напрыканцы мінулага года прагнозныя паказчыкі па інфляцыі на гэты год знізілі да 6 адсоткаў. Думаю, што інфляцыя застанецца на ранейшым узроўні, на мой погляд, з гэтай задачай Нацбанк можа справіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя