Ці будзе ў Беларусі і Расеі адзіная валюта?
Ці будзе ў Беларусі і Расеі адзіная валюта? Эканамічны эксперт Леў Марголін адзначае, што калі такое рашэнне Лукашэнкам і Пуціным будзе прынятае, то беларускі рубель перастане існаваць, усе грошы будзе друкаваць цэнтрабанк Расеі.
Але на такі крок беларускі кіраўнік не пойдзе, кажа эксперт:
– На гэта Лукашэнка ніколі не пойдзе, бо не бывае „атамана без залатога запасу”. Калі ў яго не будзе грошай, ці ён не зможа гэтымі грашыма распараджацца, то ён ужо не кіраўнік дзяржавы, а нешта іншае. Таму будзе ўзгодненая палітыка, будзе сумеснае рэгуляванне, але ўсё ж такі адзінай валюты не будзе.
Раней прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пакуль аб увядзенні адзінай валюты Расеі і Беларусі казаць не даводзіцца. Кажучы пра перспектывы адзінай валюты, ён заўважыў, што пакуль яны не праглядаюцца.
Раней Пуцін заявіў, што „трэба паступова” рухацца да адзінай валюты дзвюх краін. У прыклад ён прывёў Еўразвяз, дзе краіны з больш слабой эканомікай пакутуюць, таму што нічога не могуць дэвальваваць – бо ў іх няма нацыянальнай валюты. Таму ім даводзіцца падымаць кошты, што можа пацягнуць цяжкія сацыяльныя наступствы.
Беларускае Радыё Рацыя