Ці будзе ў Беларусі скачок беспрацоўя?
Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў распавядае, як каронавірус справакуе рост беспрацоўя ў краіне.
Аляксандр Бухвостаў: Тая сітуацыя, якая складваецца ва ўсім свеце, натуральна, не абышла бокам Беларусь, бо наша краіна пэўным чынам таксама ўбудавана ў глабальную эканоміку. Калі крызіс паўсюль, то ён будзе і ў Беларусі. Іншая справа, што сітуацыя можа быць яшчэ горшай, чым у іншых краінах, бо ў нас ёсць шмат фактараў, якія дададуць негатыва.
Таму будзе і беспрацоўе. У краіну вярнуліся і вяртаюцца людзі, якія працавалі ў Расеі альбо Еўропе, і наўрад ці яны адразу працаўладкаваліся. Хутчэй за ўсё, сядзяць дома без працы. Да таго ж, многія фірмы таксама спыняюць працу.
РР: Канкурэнцыя на рынку працы падвысіцца?
Алоксандр Бухвостаў: Безумоўна, і яшчэ невядома, як у нас беспрацоўе праявіцца, і якія формы прыме. Можа з’явіцца шмат сацыяльных негатываў – павелічэнне махлярства, крадзяжоў і гэтак далей.
РР: Дзяржава павінна падтрымліваць людзей у гэтай сітуацыі?
Аляксандр Бухвостаў: Многія краіны прымаюць захады для таго, каб людзі не страцілі працу, а калі і пайшлі часова на каранцін, то ёсць нейкая кампенсацыя і ад кампаніі, дзе чалавек працаваў, і ад дзяржавы.
Адным словам, сам насам людзей не кідаюць са сваімі праблемамі. Але ў Беларусі асноўная падтрымка будзе, думаю, менавіта дзяржаўным прадпрыемствам. А вось у малога бізнеса з’явіцца шмат праблем.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя