Ці будзе ў ЕАЭС адзіная валюта ў бліжэйшыя 5-10 гадоў?



getImageРасейскія чыноўнікі па-ранейшаму працягваюць нагадваць пра неабходнасць увядзення ў Еўразійскім саюзе адзінай валюты і нават называюць канкрэтныя тэрміны – праз 5-10 гадоў. Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што гэтыя прапановы “не больш, чым піяр”.

Увядзенне адзінай валюты ў Еўразійскім эканамічным саюзе непазбежна, заявіў першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў на сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднага адукацыйнага форуму “Летні кампус з Прэзідэнцкай акадэміяй”, які праходзіў у Татарстане.

„Пройдзе пяць-дзесяць гадоў, і пытанне адзінай валюты дакладна вырашыцца, – сказаў Шувалаў. – Будуць эмісійныя цэнтры, і будзе адзіная валюта. Мы маглі б гэтага пазбегнуць, калі б не зламалі рубель, калі распаўся Саюз. Мы развалілі адзіную эканамічную прастору і зараз, застаючыся рознымі дзяржавамі, гэтую прастору ствараем. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ў прафесійных колах”.

Леанід Злотнікаў: Я думаю, што сама ідэя Еўразійскага саюза не зусім рэальная. Таму найперш трэба казаць пра тое, што за гэтыя дзесяць гадоў адбудзецца шмат падзей, звязаных са зніжэннем тэмпаў росту вытворчасці ў самой Расеі, зніжэннем коштаў на энерганосьбіты на сусветных рынках і гэдак далей. І ў сувязі з тым, што ў Еўразійскага саюза слабая юрыдычная аснова (няма наднацыянальных органаў), а ў Расеі склаўся эканамічна неэфектыўны дзяржаўны капіталізм, то як можна загадваць, што будзе праз 10 гадоў? Да таго ж, ідэю адзінай валюты абсалютна не прымае беларуская ўлада, а таму ўсё гэта малаверагодна. Таму рознага такога кшталту заявы – не больш, чым піяр асобных палітыкаў для вырашэння ўласных задач.

РР: І ўсё ж, калі тэарэтычна прадставіць, што адзіную валюту ўвядуць…

Леанід Злотнікаў: Не самая галоўная праблема, якая будзе валюта. У многіх краінах Еўразвяза адмовіліся ад нацыянальных грошай на карысць дабрабыту насельніцтва. І, калі б Расея была той краінай, якая дала б суседзям і новыя тэхналогіі, і інвестыцыі, і нормы дэмакратыі са справядлівым грамадствам, то пытанне валюты не было б істотным.

РР: А чаму беларускія ўлады так супраціўляюцца ўвядзенню адзінай валюты?

Леанід Злотнікаў: Эканоміка – гэта самая канцэнтраваная палітыка. А што сёння робіць беларуская ўлада? Яна можа ў любы момант распачаць друкаванне грошай, калі не ў стане вырашыць свае эканамічныя праблемы. Таму адзіная валюта – не шкода для беларускай эканомікі, а пагроза менавіта для ўлады. Гэта, калі б у дзяцей аднялі запалкі, з якімі яны гуляюцца. Не ўмеюць беларускія ўлады распараджацца друкарскім станком. Гэта мы бачым па вялізнай інфляцыі, якая адбылася за гады незалежнасці Беларусі. Грошы павінны быць грашыма, а не паперкамі, якія абясцэньваюцца штодзень.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота maxpark.com