Ці будзе ў Расеі і Беларусі адзіны эмісійны цэнтр?
“Калі зробяць адзіную валюту, краіна страціць незалежнасць”, – лічыць экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы ў Берасці на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, між іншым, заявіў і пра неабходнасць стварэння адзінага эмісійнага цэнтра ў Расеі і Беларусі. Ці патрэбна гэта нашай краіне?
Станіслаў Багданкевіч: Калі беларускі бок пагадзіцца на адзіны эмісійны цэнтр, то гэта будзе азначаць здачу суверэнітэту. І тэарэтычна такое магчыма. Але ў той жа час усе павінны разумець, што гэта самы горшы варыянт для краіны, бо любое стварэнне адзінай валюты – гэта апошнія крокі ў інтэграцыі і, па сутнасці, страта незалежнасці.
Хіба можна параўнаць па эканамічных паказчыках Расею і Беларусь? Расея пры стварэнні адзінай валюты проста паглыне Беларусь і будзе дыктаваць свае ўмовы так, як хоча. А нам гэта патрэбна? Адна рэч, калі б Расея была нармальнай цывілізаванай краінай, з якой не грэх было б і аб’яднацца, але ж з агрэсарам навошта мець шчыльны саюз? Ад іх трэба дыстанцыянавацца.
РР: Лічыце, што беларускія ўлады прынцыпова адмовяцца ад стварэння адзінага эмісійнага цэнтра?
Станіслаў Багданкевіч: Да гэтага пазіцыя Нацыянальнага банка была ўжо агучана – адзіная валюта пакуль немэтазгодна. І некаторыя высокія чыноўнікі таксама пра гэта казалі, кансалідаваўшыся ў гэтым пытанні з апазіцыяй. З таго часу нічога не змянілася, з’явілася хіба што яшчэ больш рознагалоссяў, звязаных з расейска-беларускай інтэграцыяй. У краінах рознае цэнаўтварэнне, розныя правілы вытворчасці і гандлю. Аб’ёмы эканомікі таксама абсалютна розныя. Таму якая неабходнасць страчваць тую незалежнасць, што здабылі адносна не так даўно?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя