Ці будзе зніжацца інфляцыя?
Эканаміст Барыс Жаліба пракаментаваў рэкорднае зніжэнне інфляцыі ў Беларусі.
Інфляцыя ў краіне знізілася да чарговага гістарычнага мінімуму – да 4,1%. Тэмпы росту спажывецкіх коштаў працягваюць зніжацца: калі ў маі цэны павялічыліся на 4,4%, то ў чэрвені – усяго на 4,1%.
Барыс Жаліба: Пра ўзровень інфляцыі мы даведваемся са звестак Белстата – адзінай афіцыйнай крыніцы, але ж ёсць і неафіцыйныя – гэта апытанні, якія праводзяць сярод насельніцтва іншыя арганізацыі. І па некаторых падліках апошнія звесткі амаль у два разы большыя за афіцыйны ўзровень інфляцыі. У Белстата ўсё-такі ёсць зацікаўленасць зрабіць лічбы больш прывабныя, хаця на іх інфармацыю арыентуецца і Нацбанк пры выпрацоўцы сваёй крэдытна-грашовай палітыкі, і ўрад.
РР: Ці працягнецца зніжэнне інфляцыі?
Барыс Жаліба: Інфляцыя заўсёды зніжаецца ў летні сезон, таму ў наступным месяцы кошты будуць яшчэ меншыя, бо людзі збіраюць ураджай, і ўсё можна купіць значна танней. У мінулым годзе ў жніўні была нават дэфляцыя. Але восенню пад уплывам тых жа сезонных фактараў інфляцыя пачне расці. І так будзе працягвацца да канца года.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя