Ці чакае беларусаў чарговая дэвальвацыя?



Міжнародныя эканамічныя эксперты і прадстаўнікі Сусветнага банка раяць беларускім уладам рабіць гнуткім курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў. Бо інакш гэта будзе адмоўна адбівацца на эканоміцы краіны, і перадусім робіць беларускія тавары неканкурэнтаздольнымі. Аднак Менск наўрад ці бліжэйшым часам пойдзе на дэвальвацыю рубля, кажа эканамічны аглядальнік Аляксанд Сінкевіч:

– Гэта павязана з тым, што ў наступным годзе рыхтуюцца прэзідэнцкія выбары, і з палітычных мэтаў урад і прэзідэнт не зацікаўлены ў тым, каб дэвальваваць больш-менш значна беларускі рубель, бо гэта сапсуе паказчыкі сярэдняга заробку, гэта выкліча недавер да нацыянальнай валюты і да ўладаў.

З іншага боку, як кажа Аляксандр Сінкевіч, сёння існуюць аб’ектыўныя падставы для дэвальвацыі. Калі раней былі толькі ўнутраныя супярэчнасці, то цяпер мы назіраем парад дэвальвацый з усіх бакоў. І Беларусь, якая шмат імпартуе, і шмат экспартуе, не можам стаяць у баку ад гэтых працэсаў, адзначыў эканамічны эксперт.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя