Ці чакаць кардынальных змен на рынку працы ў 2019 годзе?



Кардынальных змен на рынку працы ў наступным годзе не адбудзецца. Такое меркаванне выказала 5 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар спецыялізаванага партала Работа.tut.by Святлана Шапарава.

Паводле слоў Шапаравай, у першай палове гэтага года назіраўся значны (больш за 50%) рост заяўленых вакансій. „У другой палове ён крыху запаволіўся, амаль да 38%. Мы бачым, што па-ранейшаму лідзіруе попыт на спецыялістаў па продажы (27% у структуры вакансій)”, — адзначыла яна. Рост такіх вакансій Шапарава патлумачыла паляпшэннем эканамічнай сітуацыі. „У гэтым годзе, як ніколі, адкрылася шмат кампаній малога і сярэдняга бізнесу. Кампаніі выходзяць на новыя рынкі, што патрабуе дадатковага персаналу, яны адкрываюць новыя кірункі дзейнасці”, — сказала дырэктар партала Работа.tut.by.

Цікавыя змены, паводле яе слоў, адбыліся і па рабочых вакансіях. „Калі некалькі апошніх гадоў на другім месцы ў нас была сфера інфармацыйных тэхналогій, то з другога квартала (гэтага года. — БелаПАН.) сфера рабочага персаналу паднялася з пятага на другое месца (12,4%)”, — адзначыла Шапарава. На яе думку, гэта звязана з вялікім запытам на кіроўцаў, грузчыкаў і іншы працоўны персанал. „Гэтыя сферы растуць. Таксама мы бачым рост рытэйлу. Прыток прадаўцоў і касіраў павялічваецца, і там ідзе ўзмацненне канкурэнцыі”, — дадала эксперт.

Паводле яе прагнозаў, у наступным годзе будзе ўзмацняцца роля рабочага персаналу, прычым „па-ранейшаму ў топе застануцца сфера інфармацыйных тэхналогій, транспарт і лагістыка”.

Шапарава таксама адзначыла рост колькасці рэзюмэ. „Канкурэнцыя на рынку расце, і нашым работадаўцам трэба будзе працаваць не толькі на прыцягненне спецыялістаў, але і на іх утрыманне, на развіццё іх талентаў, каб яны максімальна даўжэй прапрацавалі ў кампаніі”, — рэзюмавала дырэктар партала.

БелаПАН