Ці чакаць паўтарэння дэвальвацыі ў Беларусі?
“Паўтарэння дэвальвацыі 2011 года ў бліжэйшы час не прагназуецца”. – Так лічыць эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч. Тады Нацыянальны банк аднамомантава знізіў курс беларускага рубля адносна даляра ЗША на больш чым 50%. Паводле Аляксея Харкевіча, у бліжэйшы час курс беларускага рубля адносна даляра будзе трымацца на ўзроўні двух рублёў і будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі.
– Гэта ўсё знаходзіцца ў большай ступені ў палітычнай плоскасці. Ці далучацца еўрапейскія краіны да санкцый з боку ЗША ў адносінах да расейскіх кампаній? Ці адаб’ецца гэта на тых беларускіх прадпрыемствах, якія супрацоўнічаюць з гэтымі расейскімі кампаніямі? То бок, гэта цэлы комплекс мер, клубок, і як доўга ён будзе размотвацца на дадзены момант уявіць складана. Але тое, што ён яшчэ знаходзіцца ў першапачатковай стадыі сваёй “размоткі”, гэта відавочна.
Беларускі рубель адносна даляра ЗША патаннеў у выніку падзення расейскага рубля пасля ўвядзення санкцыяў у дачыненні да расейскіх кампаніяў. Упершыню з моманту правядзення дэнамінацыі ў 2016 годзе даляр каштаваў болей за два рублі. Паводле дадзеных Нацбанка за сёння, 23 красавіка, адзін даляр каштуе два беларускія рублі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель