Ці чакаць у Беларусі эканамічных рэформаў? (абноўлена)
Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, Лукашэнка не пойдзе на рынкавыя рэформы, бо асцерагаецца згубіць праз гэта ўладу. На думку палітолага, рызыка рэформаў куды большая для Лукашэнкі, чым рызыка статусу-кво:
– У яго ёсць комплекс Гарбачова, калі той пачаў рэформы дзеля ўмацавання сістэмы, а ў выніку яе згубіў. Ён баіцца з’яўлення алігархаў, не можа памяняць уласны стыль ручнога кіравання, калі ездзіць па краіне і вучыць усіх, як трэба працаваць, праводзіць розныя нарады. Ён страціць свой электарат, а новых можа не набыць. Вось такая арганічная мадэль, дзе ўсе цаглінкі моцна прывязаны адна да адной. І калі выбіць адну, то ўсё можа паваліцца.
Падчас варшаўскай канферэнцыі пад назвай “Будучыня Беларусі” Валер Карбалевіч зазначыў, што досвед дыктатарскіх рэжымаў, якія правялі рынкавыя рэформы, не можа быць выкарыстаны Лукашэнкам, так як ён прытрымліваецца занадта левых поглядаў.
Эканаміст з цэнтра даследаванняў “CASE Belarus” Алесь Аляхновіч падчас свайго выступу на канферэнцыі ў Варшаве зазначыў, што ўлады ў Беларусі ўжо пайшлі на эканамічныя рэформы.
Перш за ўсё ён узгадаў пра змены ў макраэканамічнай палітыцы:
– Улады праводзяць жорсткую манітарную палітыку: яны падвысілі працэнтныя стаўкі, абмежавалі крэдытаванне дзяржаўных прадпрыемстваў. Нацбанк правёў лібералізацыю курса беларускага рубля. Таксама ўлады праводзяць цвёрдую фіскальную палітыку. То бок, уведзена такое правіла: заробкі на дзяржпрадпрыемствах не могуць расці хутчэй за прадуктыўнасць працы.
Таксама эканаміст адзначыў, што ўлады ўжо робяць некаторыя структурныя рэформы, у прыватнасці, рэструктурызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і новы падыход да дзяржаўнага бюджэту, які, паводле беларускіх чыноўнікаў, будзе адвязаны ад макраэканамічных паказчыкаў.
На думку Алеся Аляхновіча, гэта не проста крокі для атрымання крэдытаў, змены будуць працягвацца і надалей, так як сучасная беларуская мадэль няздольная даць ніякага росту.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара