Ці дадуць улады “зялёнае святло” малому і сярэдняму бізнесу?
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў ацэньвае шанцы для малога і сярэдняга бізнесу стаць прыярытэтным накірункам.
Беларускі ўрад вызначыў прыярытэтам на будучую пяцігодку развіццё малога і сярэдняга бізнесу, заявіў у праграме „Контуры” на тэлеканале АНТ міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.
„Безумоўна, (крэдытныя рэсурсы) трэба выдаваць на конкурснай аснове, – заявіў ён. – Прыярытэт — малому і сярэдняму прадпрымальніцтву. І мы лічым, што рухавік прагрэсу будучай пяцігодкі — больш хуткімі тэмпамі павінны развівацца такія малыя прадпрыемствы”.
Віктар Маргелаў: Калі казаць пра прыярытэты для малога і сярэдняга бізнеса, то я б з асцярожным аптымізмам адносіўся да такіх слоў. Мы бачылі ў межах дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва планы ўрада на наступную пяцігодку, дык вось ніякіх прыярытэтаў там няма. Плануецца, што праз пяць гадоў малое і сярэдняе прадпрымальніцтва дасягне долі ў УВП 30 адсоткаў. Дык жа яшчэ раней планавалася, што такая лічба будзе дасягнута ў 2015 годзе. І ўсе гэтыя ружовыя мары і планы паспяхова праваліліся. 30 адсоткаў за 6 гадоў – гэта наогул ніякае не паскоранае развіццё. Калі казаць пра фінансаванне, то тое, што сёння вызначаецца для развіцця прадпрымальніцтва, – слёзы. Калі доля прадпрымальніцтва – 30 адсоткаў, то столькі ж павінна быць і фінансавання. А, калі ў прыярытэце, то і больш. Нічога гэтага не назіраецца і блізка. Наадварот – сёння мы бачым шматлікія дакументы, якія ствараюць больш жорсткія ўмовы працы для прадпрымальніцтва. Таму казаць аб нейкай палёгцы не даводзіцца. У нашым разуменні прыярытэт – гэта калі даецца прыярытэтнае поле для работы і даюцца прыярытэтныя рэсурсы для рэалізацыі задач. Акрамя слоў сёння нічога няма.
РР: Але мысліць міністр эканомікі ў правільным кірунку?
Віктар Маргелаў: У абсалютна правільным! Але за словамі павінны распачацца канкрэтныя дзеянні. І павінны быць канкрэтныя планы.
РР: Ці ёсць спадзяванні, што ў бліжэйшы час усё гэта з’явіцца?
Віктар Маргелаў: У нас ёсць стратэгія развіцця прадпрымальніцтва, якая ў планах урада вызначана на гэты год, але невядома куды знікла. Ёсць стратэгічны план урада, які яны фарміруюць, але недафарміравалі. Мы заўсёды спадзяемся на лепшае, а ва ўрада ёсць для гэтага ўсе інструменты.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота finance.obozrevatel.com