Ці дагоняць беларусы палякаў па заробках?
Палітык Анатоль Лябедзька параўноўвае заробкі палякаў і беларусаў.
Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, сярэдняя зарплата ў нацыянальнай эканоміцы павялічылася на 4,8% у гадавым вылічэнні і ў 2019 годзе склала 4918 злотых (1155 еўра) без выліку падаткаў.
У 2015-2020 гадах мінімальная зарплата павялічылася з 1750 да 2600 злотых (610 еўра).
У Беларусі сярэдні заробак за снежань (з улікам даплатаў пры канцы года) склаў 1238,7 рубля (гэта 517 еўра), у лістападзе ён быў 1113 рублёў (465 еўра).
Мінімалка ў Беларусі раўняецца 375 рублям.
Анатоль Лябедзька: Марыць пра тое, што беларусы ў хуткім часе наблізяцца па заробках да палякаў – гэта прыкладна тое самае, як у свой час асобныя дзеячы абяцалі народу пабудаваць камунізм. Рай павінен быў прыйсці ў Савецкі Саюз, у тым ліку, і да беларусаў. Не прыйшоў і зараз не прыйдзе.
І пытанне тут не ў тым, як мы адносімся да некаторых уладных персаналіяў. Мы гаворым пра тое, што ў Беларусі створана сістэма, у аснове якой ляжыць татальны кантроль і манаполія. Усё гэта не стварае канкурэнтны асяродак з тымі, хто робіць стаўку на канкурэнцыю і на чалавечы фактар. З усяго таго, што мы будуем, атрымліваецца нейкая казарма, па якой людзі мусяць хадзіць строем і ў вузкіх калідорах.
РР: Ва Украіне сёння кажуць, што ім Польшчу трэба даганяць 20 гадоў і пры ўмове, што будзе значны ўнутраны валавы прыбытак – каля 6 адсоткаў.
Анатоль Лябедзька: У Беларусі сітуацыя па перспектывах яшчэ горшая. У мінулым годзе ВУП вырас прыкладна на 1 адсотак. У гэтым годзе, уліваючы праблемы з Расеяй, дай Бог, калі выйдзем у нуль. А Польшча, тым часам, развіваецца стабільна, таму мы будзем толькі адставаць, і гэтае адставанне будзе толькі павялічвацца.
РР: Выхаду няма?
Анатоль Лябедзька: Трэба кардынальным чынам мяняць эканамічную сістэму ў звязку з палітычнай. Мы не можам канкурыраваць, калі будзе заставацца такая судовая сістэма, калі будзе такое прызначэнне дэпутатаў.
Гэта тупік. За кошт нейкіх вузкіх сфераў (напрыклад, сферы IT) сітуацыю не выцягнуць. Ганконга ў Кітаі тут не атрымаецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота DW