Ці дапамогуць рабочым прафсаюзы?



Былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір ГАНЧАРЫК распавядае, што павінны рабіць афіцыйныя і незалежныя прафсаюзы ў крызісны для эканомікі і прадпрыемстваў час.

Крызіс, якія абрынуўся на беларускія прадпрыемствы, прымушае пераводзіць рабочых на чатырохдзённую працу, многія звальняюцца. Ці абароняць прафсаюзы рабочых у гэты складаны для іх час?

Уладзімір Ганчарык: Калі казаць пра афіцыйныя прафсаюзы, то тут ёсць два аспекты праблемы. Першы – кіраўніцтва краіны ўжо даўно павінна было праводзіць рэформы, каб не апынуцца ў той сітуацыі, што маем зараз. Гэта і арыентацыя на розныя рынкі, і мадэрнізацыя прадпрыемстваў… Вось на гэтым таксама ўжо даўно павінны былі настойваць афіцыйныя прафсаюзы. Бо стварэнне новых рабочых месцаў – гэта менавіта тое, што і павінна клапаціць прафсаюзы. Другі аспект – на кожным прадпрыемстве ёсць рэзервы. І прафсаюзы недзе, напэўна, ізноў павінны сказаць сваё слова аб тым, што трэба скараціць не заробкі, а нейкія невытворчыя выдаткі. Упэўнены, што там шмат безгаспадарчасці і гэдак далей. Вось з гэтага і неабходна зыходзіць. Але, як будуць дзейнічаць афіцыйныя прафсаюзы – яны самі вырашаць, хоць павінны разумець, што яны таксама ў адказе перад людзьмі. Зрэшты, думаю, тут нічога з іх боку радыкальнага не будзе. Вельмі ўжо моцна яны глядзяць у рот уладзе.

РР: Ці змянілася нешта ў рабоце афіцыйных прафсаюзаў са зменай кіраўніцтва?

Уладзімір Ганчарык: Калі казаць пра знешнія змены, то яны ёсць, але не ў лепшы бок. Мне падаецца, што там ідзе работа пад прэзідэнцкую кампанію. Пра рабочых думаць, магчыма, не хапае часу. Па меншай меры, ніякіх актыўных дзеянняў не бачу.

РР: А што можаце сказаць пра работу незалежных прафсаюзаў? Ці выконваюць яны сваю гістарычную місію?

Уладзімір Ганчарык: Вельмі слаба, хоць тут у іх абарону можна сказаць тое, што ў іх амаль не засталося сур’ёзных структур. У той жа сталіцы няма, хоць асноўныя падзеі адбываюцца менавіта тут.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя