Ці дапаможа дзяржава малому бізнесу?
“Прадпрымальнікі зараз апынуліся ў крытычным стане”, – кажа гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова.
РГА “Перспектыва” звярнулася да ўрада і Нацбанка з просьбай падтрымаць індывідуальных прадпрымальнікаў.
Святлана Калачова: Продажы на нулі, сітуацыя крытычная, калі не катастрафічная. Тавару няма, бо межы закрыты, прыбытку няма, а за арэнду трэба плаціць па поўнай праграме, пры гэтым – у еўра. На 25 адсоткаў знізілі кошт арэнды, але ў той жа час і еўрапейская валюта значна вырасла ў апошні час, а таму для нас практычна нічога не змянілася. У дадатак трэба заплаціць падаткі і іншыя абавязковыя выплаты.
Акрамя таго, яшчэ і самі прадаўцы баяцца хадзіць на працу. І задаюць лагічнае пытанне: калі няма пакупнікоў, то навошта нам рызыкаваць? Адным словам і нічога не купіш, і нічога не прадасі.
А зараз жа на ўзроўні вярхоўнай улады кажуць, што ў краіне няма ніякага надзвычайнага становішча ў сувязі з каронавірусам, каранцін не ўводзіцца, а таму працуйце так, як і раней працавалі. Усе маўчаць.
РР: Да мясцовых уладаў не звярталіся?
Святлана Калачова: Там проста разводзяць рукамі і кажуць: ад нас, маўляў, нічога не залежыць, бо кошт арэнды ўстанаўлівае арэндадаўца. Сітуацыя ўдвая горшая, таму што і сысці не можам, бо так былі складзены дамовы.
Але ёсць і тыя, хто сёння, што называецца, “у шакаладзе”. Падатковая інспекцыя атрымала свае падаткі, уладальнік — еўра, Фонд сацыяльнай абароны — рублі. І толькі беднаму прадпрымальніку зараз хоць у пятлю адпраўляйся. Яшчэ і пазапланавыя праверкі хочуць узаконіць.
Прадпрымальнікі чакаюць ад уладаў падтрымку, якую малому бізнесу аказваюць ва ўсіх цывілізаваных краінах у гэты няпросты час.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя