Ці дасць МВФ крэдыт Беларусі?
Эканаміст Барыс Жаліба робіць прагноз на тое, ці атрымае краіна чарговы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду.
Міністэрства фінансаў Беларусі спадзяецца, што з МВФ у бліжэйшы час будзе ўзгоднена новая праграма.
“Новая праграма гатова, мы гатовы да яе абмеркавання і спадзяемся, што ў дастаткова кароткі тэрмін зможам узгадніць асноўныя пазіцыі з МВФ з пункту гледжання яе рэалізацыі”, – цытуе БЕЛТА словы намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.
Ён нагадаў, што ўрад выпрацаваў пакет мераў па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, плануецца правядзенне структурных рэформаў. Што датычыцца магчымай сумы новага крэдыту МВФ, то Ермаловіч адзначыў: “Сума выпрацоўваецца падчас перамоваў ў залежнасці ад ціску на залатавалютныя рэзервы ў перспектыве, аб’ёмаў пагашэння і абслугоўвання валавага знешняга доўга”.
Штогадовая рэгулярная місія фонда будзе працаваць у Беларусі да 16 сакавіка.
РР: Ці рэальна Беларусі атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонда?
Барыс Жаліба: Да цяперашніх перамоваў можна было сказаць, што не рэальна, паколькі беларуская эканоміка і беларускі бок не выконвалі шэраг важных патрабаванняў МВФ. Іх сутнасць заключалася ў тым, каб наблізіць нашу эканоміку да стандартаў рыначнай. Гэта і палітыка коштаўтварэння, і прыватызацыя, і ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання жыллёва-камунальных паслуг… Праўда, у апошні час Еўропа і ЗША сталі больш лагодным да Беларусі. Сюды сталі наведвацца заходнія эмісары і чыноўнікі даволі высокага ранга.
РР: Гэта звязана з пазіцыяй Беларусі ў расейска-украінскім канфлікце?
Барыс Жаліба: Мяркую, што так. Пасля менскіх перамоўных працэсаў па Украіне, у святле таго, што адносіны паміж Беларуссю і Еўропай пацяплелі, магчыма, з’явяцца і нейкія перспектывы на атрыманне новага крэдыту МВФ. І пажадана для беларускіх уладаў, каб гэта адбылося да канца гэтага году. Хоць пакуль уся ўвага афіцыйнага Менска – на расейскі крэдыт у памеры 2,5 мільярдаў даляраў, які папярэдне абяцалі даць.
РР: Міжнародны валютны фонд ужо не будзе звяртаць увагу на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, на наяўнасць палітзняволеных?
Барыс Жаліба: Палітычны момант застаецца ўскосна. Усё ж-такі афіцыйна МВФ не звязвае сваю дзейнасць з палітыкай. Іншае пытанне, што штаб-кватэра фонда знаходзіцца ў Злучаных Штатах, яго асноўны донар – ЗША. Таму нейкі ўскосны ўплыў палітычных фактараў маецца. Але наўпрост з гэтай нагоды кіраўнікі фонда ніколі не будуць нават выказвацца.
РР: Колькі ў ідэале хацеў бы атрымаць грошай беларускі бок ад МВФ?
Барыс Жаліба: Як мінімум – каля 3 мільярдаў даляраў.
РР: На ваш погляд, ці доўга яшчэ краіна збіраецца жыць за кошт знешніх крэдытаў?
Барыс Жаліба: Думаю, столькі, колькі будзе існаваць сёняшняя беларуская эканамічная мадэль. Мы будзем аддаваць старыя даўгі і залазіць у новыя. Тым больш, зараз, калі пагаршаецца сітуацыі ў расейскай эканомікі. А разам з ёй – і беларускай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя