Ці дасягнуў беларускі рубель дна?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб прагназуе, што можа далей адбывацца на валютным рынку Беларусі.

Сёння, 23 сакавіка, беларускі рубель працягнуў сваё падзення ў дачыненні да даляра і еўра. На таргах даляр ЗША вырас на 8 капеек да 2,6397 беларускага рубля, а еўра – на 0,0679 да 2,83 рубля. Што далей чакае нацыянальную валюту?

Вадзім Іосуб: Складана казаць, як далей будуць разгортвацца падзеі, бо працягвае дзейнічаць камбінацыя знешніх і ўнутраных фактараў. Знешнія фактары – гэта каронавірус, сусветны фінансавы крызіс, рост даляра да большасці валют развітых краін, падзенне каціровак нафты і дэвальвацыя расейскага рубля.

Унутраныя фактары – рост попыта на валюту з боку і насельніцтва, і прадпрыемстваў з адначасовым падзеннем прапановы.

Для таго, каб прагназаваць далейшыя падзеі, трэба разумець, як у будучым складуцца ўсе элементы гэтага пазла. Але самыя апошнія навіны даюць надзею. 23 сакавіка ЗША заявілі пра дадатковыя беспрэцыдэнтныя меры па падтрымцы эканомікі. Будзе ўлівацца вельмі шмат грошай ў амерыканскую эканоміку, і на гэта даляр адразу адрэагаваў падзеннем да ўсіх сусветных валют, а таксама пачаўся рост кошту нафты. Калі тэндэнцыя працягнецца, то ёсць шанц, што ўжо 24 сакавіка на таргах у Менску даляр пачне зніжацца.

РР: Ці можа ў Беларусі ўзнікнуць дэфіцыт наяўных еўра і даляраў?

Вадзім Іосуб: Наконт еўра дакладна сказаць не магу, а вось дэфіцыт даляраў ужо дэ-факта ўзнік. На мінулым тыдні многія грамадзяне сутыкнуліся з тым, што не маглі купіць амерыканскую валюту ў абменніках.

Гэта звязана з тэхнічнымі праблемамі – з дастаўкай банкам наяўных даляраў. Праблема заключаецца ў закрыцці межаў, каранціне, які ўвялі многія краіны. І невядома, у якія тэрміны гэтую праблему вырашаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя