Ці “даціснуць” беларускія ўлады МВФ?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра магчымасць атрымання ў наступным годзе мільярда даляраў для Беларусі ад МВФ.
У наступным годзе Беларусь плануе прыцягнуць з Міжнароднага валютнага фонду мільярд даляраў. Гэта прадугледжвае макраэканамічны прагноз на 2017 год, які рыхтуюць улады.
Барыс Жаліба: Планаваць атрыманне мільярду і атрымаць мільярд – абсалютна розныя рэчы. У снежні мінулага году нашы чыноўнікі таксама казалі, што крэдыт МВФ ужо ледзь не ў кішэні. Праўда, ад гэтых слоў больш у кішэні не стала. Тое самае і зараз. Перамовы ж працягваюцца, узгадняецца матрыца паказчыкаў, умоваў і гэдак далей. Пра крэдыт у гэтым годзе ўжо не кажуць, заяўляюць пра наступны год… Адным словам, воз бяжыць наперадзе каня. Але ж у Міжнародным валютным фондзе бачаць, якая ў Беларусі сітуацыя ў эканоміцы. Місія працуе ў краіне і бачыць, што краіна не гатова атрымаць крэдыт у гэтым годзе. Таму што тое, што можна было зрабіць лёгка (падняць тарыфы ЖКГ, на транспарт і гэдак далей), зрабілі. А вось, што датычыцца глыбокіх структурных рэформаў (у прыватнасці – рэфармаванне ўпраўлення эканомікай, прыватызацыя), то тут поўны ступар. Вось і чухае патыліцу Міжнародны валютны фонд, што з гэтым рабіць.
РР: Ваш прагноз: дадуць грошы?
Барыс Жаліба: Я думаю, беларускія ўлады “даціснуць” МВФ, і першы транш Беларусь у наступным годзе усё-такі атрымае. Фонду таксама ж трэба зарабляць, каб атрымаць свае адсоткі з крэдыту. Тым больш, мінулы крэдыт краіна пагасіла своечасова, у адпаведнасці з графікам. Таму, ведаючы, што Расея ў выпадку чаго зможа выступіць гарантам вяртання крэдыту, МВФ грошы, хутчэй за ўсё, дасць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя