Ці гатовыя прадпрымальнікі да пратэстаў?



«Калі ІП-эшнікі плануюць забастоўку, то гэта павінна быць добра спланаваная акцыя», — лічыць лідар камітэта падтрымкі прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Мікалай Аўтуховіч.

autuhowic22

Прадпрымальнікі выказалі недавер Міністэрству па падатках і зборах, усклаўшы на яго адказнасць за наступствы ў сферы прадпрымальніцтва, выкліканыя дзеяннем прэзідэнцкага ўказа № 222. Пра гэта гаворыцца ў выніковай рэзалюцыі ўдзельнікаў форуму прадпрымальнікаў, праведзенага 3 кастрычніка ў Менску рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Перспектыва», інфармуе БелаПАН.

Удзельнікі форуму таксама абвясцілі пра гатоўнасць пачаць забастоўку і арганізаваць серыю мітынгаў у межах закону ў тым выпадку, калі кантрольна-наглядныя органы стануць праводзіць масавыя праверкі індывідуальных прадпрымальнікаў з канфіскацыямі і штрафамі.

Мікалай Аўтуховіч: Пратэстныя настроі, безумоўна, у асяродку прадпрымальнікаў ёсць. Але, каб масава пратэставаць, то гэта, як мне падаецца, не атрымаецца. Няма ніякай падрыхтоўкі да гэтых мерапрыемстваў. Калі вы плануеце правесці сур’ёзную акцыю, то павінна быць і суадносная падрыхтоўка. Хіба гэта пратэст, калі пратэставаць будуць 3 тысячы чалавек? Я ўвогуле супраць пратэстаў, на якія людзі прыходзяць проста, каб адзначыцца і паставіць «птушачку», што акцыя прайшла. 

РР: Як вы ацэньваеце прайшоўшы форум прадпрымальнікаў?

Мікалай Аўтуховіч: Мне падаецца, што ідзе падман ІП-эшнікаў. Як можна з некім дамаўляцца, калі чыноўнікі, якіх запрашаюць на форум, увогуле нічога не вырашаюць? Такія пытанні вырашаюцца на самым версе. Таму форум прайшоў, а канкрэтыкі няма. Добра, будзе забастоўка. Але пагамоняць і супакояцца…

РР: А якія найбольш дзейсныя варыянты, каб прадпрымальнікаў пачулі і вырашылі іх праблемы? Перамовы з уладамі, забастоўкі?..

Мікалай Аўтуховіч: Я думаю, што цяпер улады могуць зноў імітаваць нейкія перамоўныя працэсы, нешта паабяцаць. Але гэта толькі адцягне час, а праблемы не вырашыць.

РР: Атрымліваецца выхаду няма?

Мікалай Аўтуховіч: Калі б улады хацелі праводзіць рэформы, яны б ужо іх рабілі. А не ідуць на гэта, таму што разумеюць, што такі крок — вельмі нязручны, бо з рэформамі можна і ўладу згубіць. Таму сітуацыя будзе захоўвацца на старым узроўні. А што датычыцца сітуацыі з прадпрымальнікамі, то больш трэба працаваць з людзьмі ў рэгіёнах. Мы ж праводзім маніторынг, бачым, што там сітуацыя горшая, чым у сталіцы. Грошы ў дзяржавы няма, таму будуць па-ранейшаму скубаць прадпрымальнікаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя