Ці магчыма адзінае падатковае заканадаўства Беларусі і Расеі?
Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што пры жаданні краіны могуць зрабіць адзіны Падатковы кодэкс.
Нагадаем, што расейскае выданне «Камерсант» не так даўно надрукавала як быццам праграму эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Адным з пунктаў інтэграцыйнага працэсу называецца ўвядзенне адзінага Падатковага кодэкса.
Леў Марголін: Адзіны Падатковы кодэкс цалкам магчымы. Нельга казаць, што беларускі Падатковы кодэкс скапіявалі з расейскага, але відавочна, што яго стваральнікі былі знаёмы з расейскім аналагам. Вельмі шмат падобных момантаў.
Да таго ж, падатковая структура ў Беларусі і Расеі таксама шмат у чым падобная. Безумоўна, за апошнія 20 гадоў з’явіліся пэўныя разыходжанні, але яны не істотныя. І нават памеры падаткаў на дададзеную вартасць і прыбытак у розныя часы былі аднолькавыя, затым адрозніваліся, потым – ізноў роўныя. Таму тэхнічна зрабіць адзіны Падатковы кодэкс цалкам магчыма, хаця гэта і вялікая праца.
РР: Ці ёсць тут рызыкі для беларускай эканомікі?
Леў Марголін: Вялікай рызыкі я не бачу, бо тут жа справа не ў тым, які кодэкс, а ў тым, хто ім кіруе і куды ідуць грошы ў выглядзе падаткаў. Гэта тое самае, што на спаборніцтвах па ралі два спартсмены едуць на адной і той жа машыне. Яны ў адной камандзе, але кожны спрабуе перамагчы і магчымасці ў іх аднолькавыя. Тое, што ў Расеі і Беларусі будуць збіраць падаткі па адных законах, не адмяняе таго факта, што кожны будзе мець свае падаткі, а не чужыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя