Ці магчымы ў Беларусі агульнанацыянальны страйк?
Да агульнанацыянальнай забастоўкі заклікаюць у прыватнасці «Беларускае аб’яднанне працоўных» і «Рабочы Рух».
Палітычны аналітык Валер Карбалевіч мяркуе, што ў дадзеных варунках і масавыя пратэсты на вуліцах, і страйкі маларэальныя:
– Для таго, каб людзі вырашылі сапраўды супраціўляцца, патрэбна зусім іншая палітычная атмасфера. Вось тая, якая была летам-восенню мінулага года, калі быў усеагульны пад’ём, калі быў спадзеў на тое, што можна нечага дасягнуць, што ўлады пойдуць на саступкі. Была вялізная колькасць людзей, якія падтрымлівалі нейкія флэшмобы, якія цяпер перыядычна адбываюцца, падпольныя такія, партызанскія.
Дадам, што ў мінулую нядзелю ў Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку забастовачнага руху ў Беларусі. Падчас яе лідар «Беларускага аб’яднання працоўных» Сяргей Дылеўскі заявіў, што забастоўка – адзіны метад змяніць сітуацыю ў Беларусі. «Дыктатар не працягне двух тыдняў, калі мы спынім прадпрыемствы», – упэўнены Дылеўскі.
Паводле падлікаў ініцыятывы «Рабочы Рух», для агульнанацыянальнага страйку трэба сабраць 138 тыс чалавек. Збор ладзіцца праз чат-бот «Рабочага Руху», таксама вырашана пачаць падрыхтоўку да стварэння забастовачнага фонду.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя