Ці напалохаюць укладчыкаў новыя меры Нацбанка?



Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч дае ацэнку новым рэкамендацыям Нацбанка аб зніжэнні ставак па кароткатэрміновых дэпазітах.

Нацбанк Беларусі рэкамендаваў банкам з 17 чэрвеня знізіць стаўкі па кароткатэрміновых дэпазітах фізічных асобаў да 25-26 адсоткаў. Прыбытковасць па ўкладах у замежнай валюце не павінна быць большай за 5,5%.

Акрамя таго, у беларусаў знікне магчымасць адкрываць уклады на тэрмін менш за месяц. Суадносны ліст удзельнікі сістэмы атрымалі на гэтым тыдні.

Станіслаў Багданкевіч: Гэты крок накіраваны на далейшую стабілізацыю на валютна-крэдытным рынку. Сёняшнія высокія працэнтныя стаўкі (да 30 адсоткаў) не паказваюць рэальную сітуацыю ў беларускай эканоміцы. І, на мой погляд, каб аднавіць эканоміку, падвысіць яе эфектыўнасць, важнейшай праблемай было і застаецца пытанне інфляцыі. Неабходна зрабіць усё, каб знізіць выдаткі. У тым ліку, і выдаткі, звязаныя з працэнтнымі стаўкамі. У гэтым выпадку можа быць павольная дэвальвацыя беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, але, думаю, на такі крок трэба ісці. Неабходна ўсе сілы кінуць на барацьбу з інфляцыяй!

РР: Працэнтныя стаўкі па кароткатэрміновых дэпазітах знізяць. Але ці не напалохае гэта ўкладчыкаў? Рублёвыя дэпазіты становяцца ўсё менш прывабнымі, людзі проста пачнуць забіраць грошы з банкаў…

Станіслаў Багданкевіч: А ў народа няма выхаду. У нас вельмі мала інструментаў, каб грамадзяне маглі інвесціраваць свае зберажэнне. Вельмі слаба развіты фондавы рынак коштавых папер. Вось, напрыклад, днямі Мінфін аб’явіў, што ён хоча прыцягнуць зберажэнні людзей у валюце пад 7 адсоткаў гадавых у выглядзе продажу аблігацый Мінфіна. Але добра было б, каб і прадпрыемствы аб’яўлялі, што яны выпускаюць і прадаюць акцыі ці аблігацыі і, такім чынам, прыцягваюць свабодныя рэсурсы насельніцтва на развіццё сваіх вытворчасцей. Так што павінны быць не толькі ўклады ў банках. У іншых краінах гэта актыўна практыкуецца, там можна ўкласці свае грошы ў каштоўныя паперы рэальнага сектара эканомікі. І нам трэба па гэтым шляху ісці, бо зараз гэтыя інструменты ў Беларусі вельмі абмежаваныя. Таму і нясуць зберажэнні звычайна толькі ў банкі. Якія там працэнтныя стаўкі ёсць, на такія людзі і пагаджаюцца. Але ў іх зніжэнні не бачу нічога надзвычайнага. Людзі, безумоўна, хочуць зарабіць на высокіх працэнтных ставак, але крокі Нацбанка накіраваныя на тое, каб навесці парадак у эканоміцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя