Ці пабудуюць арабы ў Менску „горад-сад”?



Эканаміст Леў Марголін распавёў, якія мэты пераследуюць у Беларусі арабскія інвестары.

Кампанія Emaar Properties з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў паведаміла аб намеры рэалізаваць у Менску праект будаўніцтва разумнага горада, інвестыцыі ў які павінны перавысіць 4 мільярда еўра.

Паводле слоў прадстаўніка кампаніі, праца над гэтым праектам ідзе з лістапада 2019 года.

Леў Марголін: Калі знянацку з’яўляецца такая навіна, без усялякага абмеркавання, то праект пакідае шмат пытанняў. На каго будзе разлічаны гэтае арабскае “разумнае” жыллё? Для шэраговых беларусаў? Можа быць, для тых, хто не мае сродкаў, каб пабудаваць жыллё, і дзяржава з дапамогай інвестараў вырашыла дапамагчы такім людзям? Пра гэта нам нічога невядома.

Затое вядома, што інвестары, якія працуюць пад “дахам” дзяржавы, заўсёды больш думаюць пра свае прыбыткі.

РР: Інвестар рызыкуе ў такой сітуацыі вялікімі грашыма, бо сітуацыя праз нейкі час можа змяніцца, і “дах” знікне…

Леў Марголін: Невыпадкова, што інвестары найперш пачынаюць займацца будоўляй жылля, бо такія інвестыці пачынаюць акупляцца хутчэй за ўсё. Відаць, пралічылі рызыкі і думаюць хутка акупіць праект. Хаця высокія чыноўнікі, відаць, запэўнілі, што пакуль сыходзіць нікуды не збіраюцца.

РР: Што ўзамен атрымае арабскі інвестар?

Леў Марголін: Натуральна, што дазвол на будаўніцтва яны атрымалі не за прыгожыя вочы, але найперш іх цікавіць прыбытак. І, відавочна, што тут ёсць свае таемныя дамовы, пра якія ведае пэўнае кола людзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя