Ці пачнецца ў Беларусі росквіт рамесніцтва?
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, ці стане рамесніцтва выратавальным для беларускай эканомікі.
У Беларусі пашырылі пералік відаў рамесніцкай дзейнасці, якія можна здзяйсняць без рэгістрацыі ў якасці ІП. Адпаведны ўказ (№ 364 ад 9 кастрычніка 2017-га) падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Адзначаецца, што ў пералік трапілі ўсе віды творчасці, якія здзяйсняюцца “на аснове ручной працы”.
Рамеснікі змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю ў інтэрнэце. Акрамя рынкаў, кірмашоў, яны атрымліваюць права прадаваць сваю прадукцыю непасрэдна ў майстэрнях, альбо дастаўляць ці перасылаць яе пакупнікам.
Леў Марголін: У плане рэгістрацыі для рамеснікаў, безумоўна, з’явілася палёгка, але канчатковыя высновы, напэўна, яшчэ не варта рабіць. У Беларусі апошнім часам з’явілася такая тэндэнцыя – зрабіць лягчэйшым уваход на рынак. Але, як кажуць, уваход – рубель, а выхад – два. Вось на гэтым полі людзі і сутыкаюцца з асноўнымі праблемамі. Зараз зарэгістравацца і сапраўды прасцей не толькі рамеснікам, але і прадпрымальнікам, але ж хапае іншых пытанняў. Застаюцца розныя кантралюючыя органы, хаця ўлады і паабяцалі, што яны будуць дзейнічаць больш-менш лаяльна. Але, паўтаруся, толькі час пакажа, наколькі ўлады вырашылі развязаць рукі малому бізнесу. Бо нярэдка жыццё паказвае, што патрабаванні зусім іншыя. Таму наяўнасць альбо ненаяўнасць рэгістрацыі — гэта не самая вялікая праблема. Не чакаю, што пасля пашырэння пераліку відаў рамесніцкай дзейнасці, якія можна здзяйсняць без рэгістрацыі ў якасці ІП, будзе нейкі эканамічны прарыў, і ўсе пачнуць адразу запісвацца ў рамеснікі. Хаця, безумоўна, нельга адмаўляць, што жыццё рамеснікам крыху спрасцяць.
РР: Больш людзей будуць лічыцца самазанятымі…
Леў Марголін: Гэта так. Тыя, каго раней называлі прадпрымальнікамі, зараз перакваліфікуюцца ў самазанятых. Праўда, не думаю, што гэта моцна палепшыць іх фінансавы стан. Бо гэта ж мясцовыя ўлады ўстанаўліваюць стаўкі адзінага падатку, для самазанятых таксама будзе свой тарыф. І калі у мясцовым бюджэце не хапае грошай, то замест таго, каб ствараць нейкія лепшыя ўмовы, звычайна павялічваюць падатак.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя