Ці пакіне Беларусь Еўразійскі саюз?
Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму афіцыйны Менск так незадаволены пазіцыяй Масквы.
Пра магчымасць выхаду краіны з Еўразійскага эканамічнага саюза заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец.
Па яго словах, беларускі бок будзе дамагацца кампенсацыі стратаў, якія прынясе падвышэнне коштаў на нафту. Маўляў, “падатковы манеўр”, які ўжо праз месяц пачынае Расея, супярэчыць дамовам пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінны пагадзіцца, то, напэўна, такога не будзе. Звернемся да пытання мэтазгоднасці знаходжання Беларусі ў такім саюзе”, – заявіў прадстаўнік Мінфіна.
Леў Марголін: Беларусь, безумоўна, не пакіне Еўразійскі эканамічны саюз, бо моцна звязана з гэтай структурай. Але гэта старая практыка беларускіх уладаў – нагнятаць абстаноўку як мага больш і спадзявацца, што настане такі момант, калі Расея, калі і не адменіць “падатковы манеўр” (а на гэта спадзявацца не даводзіцца), то знойдзецца нейкая кампенсацыя, якая дазволіць нашай краіне ліквідаваць гэты дысбаланс.
РР: Ад гэтага манеўра Беларусь панясе вялікія страты?
Леў Марголін: Па некаторых разліках, да 2024 году краіна можа згубіць каля 10 мільярдаў даляраў. Магчыма, лічба і перабольшаная, але расейскі “падатковы манеўр” усё роўна моцна ўдарыць па беларускаму бюджэту.
РР: Чаму Расея вырашыла пайсці на такі крок?
Леў Марголін: Гэты крок з эканамічнага пункта гледжання цалкам апраўданы. Звычайная рынкавая мера – выраўняць кошты на нафту да сусветных для ўсіх. У тым ліку, і для ўнутраных спажыўцоў. І адначасова адмяніць акцызы і мытныя пошліны.
Гэты рынкавы крок пазбаўляе Беларусь звыклага спосабу зарабляць валюту з тым, каб атрымоўваць нафту больш танна, а затым прадаваць нафтапрадукты даражэй. Але, як мне падаецца, калі Расея на гэта пойдзе, для Беларусі ўсё роўна будуць нейкія зніжкі на нафту. Хаця расейскія спажыўцы гэтыя зніжкі мець не будуць.
Кастусь Заблоуцкі, Беларускае Радыё Рацыя