Ці палепшыўся ў Беларусі бізнес-клімат?
Cустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў патлумачыў, чаму не варта радавацца поспеху Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага банка «Doing Business-2017».
Нагадаем, Беларусь заняла ў рэйтынгу Doing Business 37-ы радок сярод 190 краін, за год узняўшыся на 13 пазіцый. Ці на самай справе ў краіне так палепшыўся бізнес-клімат?
Віктар Маргелаў: Сістэма каардынат беларускіх прадпрымальнікаў і сістэма каардынат Сусветнага банка, скажам так, мала супадаюць. Банк больш ацэньвае падыходы чыноўнікаў да ўмоваў вядзення бізнесу, а нашы чыноўнікі вельмі добра навучыліся адказваць на пытанні і падстройвацца ў гэтую сістэму. Але ж, калі глядзець на рэчы рэальна, то сёння сітуацыя ў беларускім малым і сярэднім бізнесе блізкая да крытычнай. Яна імкліва пагаршаецца. Гэта пацвярджаецца і падзеннем колькасці малых прадпрыемстваў за гэты год, чаго ў нас не было з 1992 года, калі яны пачалі стварацца, і іншымі праблемамі. А самае галоўнае – падае сукупны прыбытак насельніцтва. Таму, калі ацэньваць бізнес-клімат па нармальных крытэрах, то ў нас сур’ёзная пагаршэнне ў гэтай сферы.
РР: Можа быць, рэйтынг Сусветнага банка паўплывае на тое, што ў краіну захочуць прыйсці сур’ёзныя інвестары?
Віктар Маргелаў: Гэты рэйтынг ніякім чынам не звязаны з інвестыцыямі. І нават наадварот. Рэйтынг Беларусь падвышае, а інвестыцыі змяншаюцца.
РР: Тады што даюць такія «рэйтынгавыя поспехі»?
Віктар Маргелаў: Стварае пэўны імідж для дзяржавы. Хаця для мяне застаецца загадкай: навошта? Каб пахваліцца на сусветным узроўні? А, можа быць, лепш зрабіць так, каб бізнесу і на самай справе было камфортна працаваць. Гэта зусім розныя рэчы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя