Ці патрэбна Беларусі СГА?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, чаму Беларусь не вельмі імкнецца ўступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Беларусь плануе ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве завяршыць перамоўны працэс і ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, а Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць працэс па ўступленні краіны у СГА.
Барыс Жаліба: Уступленне ў СГА – справа доўгая для кожнай дзяржавы, таму што з кожным трэба ўтрэсці ўсе праблемы. Гэта цягнецца гадамі. Так было і з Расеяй, і з Казахстанам, якія сталі сябрамі СГА зусім нядаўна. А ў Беларусі то пачынаецца нейкая актывізацыя ў гэтым накірунку, то заціхае. Адчуваецца, што ўлады вагаюцца.
РР: Не зацікаўлены, каб уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю?
Барыс Жаліба: Што дае СГА? Зніжаныя мытныя бар’еры, пошліны (увазныя і вывазныя), паніжаныя тарыфныя бар’еры, што адкрывае дзяржаве рынак для імпарта тавара з іншых краін, адкрываецца таксама дарога і для экспарта. Але імпарт стане значна таннейшы. У такім выпадку з’яўляецца пагроза для айчынных вытворцаў. Адным словам, тут ёсць і плюсы, і мінусы. Таму беларускія вытворцы, натуральна, баяцца, што імпарт патаннее настолькі, што айчынныя тавары не змогуць складаць яму канкурэнцыю. Імпарт больш высокай якасці, але ў Беларусі гэтыя тавары больш дарагія, бо мытнікі ўстанаўліваюць даволі вялікія пошліны на ўвоз тавара. Зрэшты, усе ж краіны ўступаюць у СГА, а для людзей лепш, калі больш шырокі асартымент тавараў, як айчынных так і імпартных. Але для беларускіх прадпрыемстваў могуць наступіць цяжкія часы.
РР: СГА мае свае працэдуры?
Барыс Жаліба: Так, у СГА можна нават судзіцца з партнёрамі, можна будзе абараняць свае інтарэсы. Увогуле, уступленне ў СГА дапаможа беларускім экспарцёрам выйсці на больш шырокую прастору, а беларускіх вытворцаў падштурхне да мадэрнізацыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя