Ці патрэбная краіне дэнамінацыя?
„Беларусам трэба будзе перажыць досыць нязручны перыяд пасля 1 ліпеня”, — кажа эканаміст Барыс Жаліба.
Нагадаем, у адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 4 лістапада 2015 года № 450 1 ліпеня 2016 года будзе праведзеная дэнамінацыя рубля шляхам замены банкнот узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10.000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года.
Да 1 ліпеня 2016 года адзіным законным плацежным сродкам для ажыццяўлення наяўных разлікаў будуць з`яўляцца банкноты ўзору 2000 года.
Барыс Жаліба: Улічваючы, што ў Беларусі грошы ўжо з астранамічнымі лічбамі, якія часам не змяшчаюцца на экранах калькулятараў, дэнамінацыя не толькі своечасовая, а яна ўжо нават пераспела. Нацбанк знаходзіў тыповыя ў такіх выпадках адмовы – маўляў, дэнамінацыю варта праводзіць, калі інфляцыя будзе менш за 10 адсоткаў у год. Пра гэта казала і экс-старшыня Нацбанка Ермакова, і яе папярэднік… Усё гэта так, бо дэнамінацыя звязана з выдаткамі. І, калі інфляцыя хутка намалюе новыя нулі, то губляецца ўвесь сэнс дэнамінацыі. Але мы так і не дачакаліся таго шчаслівага моманту, калі інфляцыя ў краіне стане менш за 10 адсоткаў. Паколькі банкноты надрукавалі зараней (відаць, тады ва ўладаў былі досыць аптымістычныя планы), вырашылі не адкладваць справу. А то хутка ў нас людзі будуць атрымліваць мільярды.
РР: Ці могуць пасля дэнамінацыі цэны акругліць у бок іх павышэння?
Барыс Жаліба: Акругляць цэны будуць па законах матэматыкі, але яны і так растуць пастаянна. Іншая справа, што пасля 1 ліпеня для беларусаў будзе няпроста прызвычайвацца до новых цэнаў і новых грошай. Да таго ж, у абароце пэўны час будуць заставацца і старыя банкноты. Гэта дадасць праблем пенсіянерам, слабавідушчым, касірам. Але з часам прызвычаяцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя