Ці пацягнуць беларусы новыя тарыфы на “камуналку”?



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавёў пра чарговае падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ.

кавалкін_уладзімір_рацыйная

У Менску зацверджаныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Падвышаюцца тарыфы як на субсідаваныя дзяржавай паслугі, так і на фіксаваныя, якія забяспечваюць поўнае кампенсаванне выдаткаў насельніцтвам, паведамляе БелаПАН.

Як раней паведамлялася, Савет міністраў пастановай ад 16 снежня 2016 года № 1035 зацвердзіў межавыя памеры цэн (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі на 2017 год, зыходзячы з якіх мясцовыя органы ўлады ўсталёўваюць лакальныя тарыфы.

Уладзімір Кавалкін: Рост цэнаў на паслугі ЖКГ яшчэ раней запланаваны, таму сёння гэта, думаю, ні для каго не навіна. І, гэта, напэўна, не апошняе падвышэнне ў гэтым годзе, бо да канца 2017 году павінны аплочваць не менш за 75 адсоткаў кошту паслуг ЖКГ. А ў наступным – і наогул усе 100 адсоткаў. Таму, урад дзейнічае па сваіх планах, якія зараз і рэалізоўвае.

РР: Ці пацягнуць беларусы новыя тарыфы?

Уладзімір Кавалкін: Неабходны час, каб прааналізаваць сітуацыю. Адно можна сказаць, што ў параўнанні з краінамі-суседзямі ў Беларусі самыя нізкія тарыфы ў гэтай галіне. Акрамя таго, у краіне ёсць сістэма датацый для людзей, якія не могуць аплочваць “камуналку”, што называецца, па поўнай праграме. Размова ідзе пра тых, у каго больш за 20 адсоткаў даходаў ідзе на аплату паслуг ЖКГ. З іншага боку мы яшчэ і не ведаем, як будзе працаваць гэтая сістэма сацыяльнай падтрымкі. Трэба паглядзець, ці не будзе тут бюракратычнай валакіты.

РР: Тарыфы на “камуналку” ў краіне растуць, а рэальныя заробкі ў людзей падаюць…

Уладзімір Кавалкін: Не толькі зніжаюцца заробкі, але і расце беспрацоўе. І пры ўсім гэтым тарыфы “камуналку” у нас пакуль не такія вялікія, як у еўрапейскіх краінах. Хаця, безумоўна, і заробкі параўноваць не варта.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя