Ці пацягнуць прадпрымальнікі новыя падаткі?



Актывіст “Перспектывы”, прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук дае ацэнку новаму прэзідэнцкаму ўказу, які рэгламентуе дзейнасць ІП.

30 сакавіка кіраўнік краіны падпісаў указ №143, які падаўжае да 1 студзеня 2016 года пераходны перыяд, цягам якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных без пацвярджальных дакументаў.

Пры рэалізацыі тавараў без пацвярджальных дакументаў будзе прымяняцца падвышальны каэфіцыент 2 пры вылічэнні адзінага падатку. А таксама будзе спаганяцца падатак на дададзеную вартасць у фіксаванай суме з яго павелічэннем у чатыры этапы за кошт прымянення падвышальных каэфіцыентаў.

Вячаслаў Піліпук: Трэба сказаць, што ўказ для прадпрымальнікаў доўгачаканы. Тым не менш, як мне падаецца, дакумент крыху “сыраваты”. Магчыма, улады хацелі як мага хутчэй яго выдаць – да 31 сакавіка, калі прадпрымальнікам неабходна аплочваць падаткі.

РР: Чаму вы лічыце, што дакумент недапрацаваны?

Вячаслаў Піліпук: Бо ён поўнасцю не ўлічвае ўсе абставіны, у якіх знаходзіцца малы бізнес і сама краіна з эканамічным крызісам. Таму нават указ не дае магчымасці стабільна і прагназуема працаваць прадпрымальнікам у роўных умовах з дзержаўным сектарам эканомікі – з той жа лёгкай прамысловасцю.

РР: Зато ўсё стала зразумела з падаткамі?

Вячаслаў Піліпук: Так, этапы падвышэння падаткаў распісаны, але сама ідэя іх падняцця не адпавядае рэальнасці, бо гэты цяжар многія не пацягнуць. Тысячу разоў казалася, што пакупальніцкая здольнасць насельніцтва рэзка знізілася.

РР: Магчыма, зараз прадпрымальнікі стануць больш прадаваць айчынных тавараў лёгкай прамысловасці?

Вячаслаў Піліпук: Яны б ужо даўно на гэта перайшлі, каб бачылі сэнс. Чалавек заўсёды шукае тое, што лепш. У тым ліку і ІП-эшнікі, якія выбіраюць для сябе тавар, які будзе карыстацца попытам у спажыўца. А сёння айчынны легпрам не адпавядае сучасным умовам, у якіх знаходзіцца спажывецкае грамадства. Давайце шчыра прызнаемся, што кітайскія, турэцкія ці польскія вытворцы прапаноўваюць куды больш цікавы асартымент. Мадэлі і тканіна змяняюцца практычна кожны тыдзень, а суадносна і попытам карыстаюцца. І, калі наш легпрам запрацуе гэтак жа, стане канкурэнтным замежным аналагам, то прадпрымальнікі, безумоўна, лепш гэты тавар будуць браць. Інашае пытанне: калі гэта будзе?

РР: Пераходны перыяд для ІП-эшнікаў працягнуты да 1 студзеня 2016 года. Што чакаеце пасля гэтай даты?

Вячаслаў Піліпук: Калі сітуацыя не зменіцца ў плане пакупальніцкай здольнасці, а падаткі падвысяцца, не выключаю, што многія прадпрымальнікі спыняць працу і сыйдуць з гэтага рынку, магчыма, на рынкі Прыбалтыкі ці Польшчы, дзе сітуацыя для малога бізнеса значна лепшая.

РР: Вы намалявалі дастаткова песімістычную карціну…

Вячаслаў Піліпук: Я намаляваў рэальную карціну. І яна не зменіцца, пакуль прадпрымальнікі і ўрад не сядуць разам за стол перамоваў. Не абавязкова каб там прысутнічала “Перспектыва”, галоўнае, каб былі шырока прадстаўлены прадпрымальнікі з рэгіёнаў. Яны ведаюць, што трэба рабіць і могуць прапанаваць чыноўнікам дарожную мапу выхаду з сітуацыі. Я ўпэўнены, што бюджэт ад такіх мераў толькі папоўніцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  mihadm.com