Ці паўплывае вывад расейскіх войскаў з Сірыі на нафтавыя цэны?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, ці зменяцца сусветныя кошты на нафту пасля заявы Крамля, што Расея выводзіць свае войскі з Сірыі.
15 сакавіка раніцай ф’ючэрсы на амерыканскую нафту ўпалі на 14 цэнтаў да $37,04 за бараль. Нафта Brent патаннела на 20 цэнтаў да $39,33 за бараль. Аналітыкі звязваюць гэта з высокай прапановай на рынку.
Барыс Жаліба: З аднаго боку, пасля такой заявы псіхалагічны фактар можа паўплываць на цэны на нафту. Напрыклад, у Амерыцы прымуць рашэнне адкаркаваць нейкія новыя нафтавыя запасы – цана ўжо можа змяніцца. У гэтым плане тэма палягае ў ваенна-палітычнай вобласці. Але, на мой погляд, асабліва вывад войскаў з Сірыі не паўплывае на нафтавыя цэны. Сірыя здабывае не так шмат нафты, гэта не Ірак. Па некаторых звестках, ІГІЛ якраз пастаўляла нафту ў Турцыю, але гэта не тыя аб’ёмы, якія могуць на нешта паўплываць. Хоць у агульным плане сітуацыя нармалізуецца, бо, як правіла, цэны на нафту вышэй, калі ў нафтаздабываючых дзяржавах ідзе вайна. Таму цэны могуць крыху знізіцца. Але не нашмат.
РР: Сёння ф’ючэрсы на амерыканскую нафту ўпалі на 14 цэнтаў…
Барыс Жаліба: Тут галоўны фактар, што нафты вельмі шмат на рынку. Пуцін тут ні на што асабліва не паўплываў.
РР: Зараз курс беларускага рубля стабілізаваўся. З чым гэта звязана?
Барыс Жаліба: Так, ужо каля двух тыдняў беларускі рубель стабілізаваўся, але ў любога абвала ёсць дно. Кошты на нафту ізноў-такі выраслі, а гэта ўсё ўплывае на фарміраванне валютнага курсу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя